За запіс "вКонтакте" аштрафаваны гомельскі актывіст Пётр Філон
У сваім акаўнце "вКонтакце" Філон размясціў зварот, адрасаваны да супрацоўнікаў КДБ.
Таксама хлопец праз сацыяльную сетку запрашаў сваіх сяброў сёння на сустрэчу. Гэты запіс і стаў нагодай для затрымання. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў гомельскі актывіст Пятро Кузняцоў:
Кузняцоў: “Напрыканцы мінулага тыдня ён размясціў запіс у сваёй сацыяльнай сетцы. Ён напісаў: “Таварышы афіцэры КДБ, я ўсё роўна звальняюся. Таму прашу не псаваць жыццё мне і блізкім людзям”. А потым ён зрабіў невялічкі допіс і запрасіў сабрацца і сустрэцца з ім у яго на раёне сёння. Яго затрымалі, зараз трымаюць у савецкім РАУС. І гэты допіс яму інкрымінуюць як спробу арганізаваць несанкцыянаванае мерапрыемства”.
Як паведаміў Кузняцоў, Пятро Філон раней працаваў выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Ён актыўны карыстальнік сацыяльных сетак і "маўклівых акцыяў". Магчыма, кажа Кузняцоў, гомельскаму актывісту помсцяць за яго актыўную пазіцыю.
Рашэньнем суду Пятро Філон аштрафаваны на 105 тысячаў рублёў (3 базавыя велічыні).