Працэс Пачобута: апошняе слова абвінавачанага і прысуд перанесеныя на 5 ліпеня
У судзе Ленінскага раёну Гародні працягваецца працэс па крымінальнай справе журналіста “Газэты выборчай” Андрэя Пачобута. Сёньня адбыліся высутупы адвакатаў. Апошняе слова абвінавачанага і прысуд перанесеныя на 5 ліпеня.
Адвакат Уладзімер Кісялевіч заявіў, што ён зьбіраецца давесьці суду невінаватасьць Пачобута і будзе патрабаваць апраўдальнага выраку. Апроч таго ў плянах адваката - зьвярнуць увагу на працэсуальныя парушэньні. Так, на думку Кісялевіча, экспэртызы тэкстаў нельга было даручаць экспэртам, якія працуюць у органах улады, бо тыя зьяўляюцца зацікаўленымі асобамі.
Да будынку суду прыйшлі жонка Андрэя Пачобута Аксана, выканаўца абавязкаў старшыні Саюза палякаў Анжаліка Арэхва, праваабаронцы, мясцовыя актывісты і журналісты. Агулам каля суду знаходзіцца больш за 40 чалавек.
Нагадаем, што 24 чэрвеня пракурор папрасіў для Андрэя Пачобута 3 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Журналіста вінавацяць у паклёпе (ч.1 арт. 367 КК РБ) і абразе (ч. 1 арт. 368 КК РБ) кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Санкцыі артыкулаў, паводле якіх выстаўленыя абвінавачаньні, прадугледжваюць да чатырох гадоў зьняволеньня і да двух гадоў зьняволеньня адпаведна. Падставы для абвінавачаньня пракуратура знайшла ў артыкулах у «Газэце Выборчай», у калёнцы журналіста на сайце «Беларускі партызан», а таксама ў адным з допісаў у LiveJournal. Працэс, які праходзіць у закрытым рэжыме, распачаўся 14 чэрвеня.