viasna on patreon

На заводзе процьма прагульшчыкаў, а звальняюць актывіста…

2011 2011-06-28T09:33:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адразу ў некалькіх рэгіёнах адміністрацыі прадпрыемстваў пазбаўляюць працы грамадзкіх актывістаў. Улада не даруе ім актыўны ўдзел у мінулай выбарчай кампаніі на баку апазыцыі.

Канкрэтныя прыклады выгнаньня з працы людзей, якія маюць апазыцыйныя погляды, падаюць карэспандэнты «Свабоды».

У Магілёве адміністрацыя вагонабудаўнічага заводу спыняе працоўныя адносіны з актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Валадаром Цурпанавым. З чым зьвязана непадаўжэньне кантракту з Цурпанавым, у заводзкай адміністрацыі высьветліць не ўдалося.

Афіцыйнае папярэджаньне аб спыненьні працоўных адносінаў Валадар Цурпанаў днямі атрымаў з заводзкай адміністрацыі. Да сканчэньня кантракту, падпісанага летась на год, застаўся няпоўны месяц. Як сьцьвярджае актывіст, нараканьняў ад начальства на сваю працу зваршчыка ён ня меў. А вось прэтэнзіі да кіраўніцтва заводу ў яго былі. Гэта й сталася прычынай для непадаўжэньня кантракту, лічыць актывіст.

Грамадзкі актывіст з Турава 39-гадовы Міхаіл Козел застаецца бяз працы ўжо працяглы час. Ён страціў яе, калі ўлады закрылі малафарматную газэту «Вольныя навiны». У 2008 годзе Міхаіл выйшаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, бо ў невялічкім гарадку ня мог знайсьці сабе працы. Аднак рэпутацыя «бэнээфаўца» за ім замацавалася. І гэта мясцовыя кіраўнікі ўспрымаюць як табу — на працу яго не бяруць нават жывёлаводам.

Ад адчаю ў мінулым студзені Міхаіл трымаў галадоўку, але з-за пагаршэньня здароўя вымушаны быў спыніць яе. Зьвяртаўся таксама ў пракуратуру з прычыны парушэньня свайго права на працу. Адзінага, чаго дамогся грамадзкі актывіст, дык гэта пастаноўкі на ўлік у якасьці беспрацоўнага ў раённай управе працы, занятасьці й сацыяльнай абароны Жыткавіцкага райвыканкаму.

Аднак нядаўна спадара Козела са сьпісу беспрацоўных выключылі, у сувязі з чым ён зьвярнуўся ў Жыткавіцкі раённы суд са скаргай на бязьдзеяньне ўправы працы, занятасьці й сацыяльнай абароны тутэйшага райвыканкаму.

Наваполацкага актывіста Яўгена Канстанцінава змусілі напісаць заяву на звальненьне паводле ўласнага жаданьня. Ён працаваў на прадпрыемстве «Палімір», і праблемы на працы, як ён кажа, пачаліся ўжо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў — ён працаваў у камандзе Андрэя Саньнікава. Цяпер спадар Канстанцінаў — адзін з актывістаў грамадзкага аб’яднаньня «Вольны рэгіён».

Апошні працоўны дзень у Яўгена Канстанцінава — 5 ліпеня. Заяву на звальненьне ён падаў пасьля таго, як 22 чэрвеня гарадзкі суд Наваполацку прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве: у бойцы і нецэнзурнай лаянцы. Амаль двое сутак актывіст правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня — якраз тады, калі ў горадзе праходзіла акцыя «Марш нязгодных», у якой спадар Канстанцінаў меўся браць удзел. Незадоўга перад тым, 15 чэрвеня, у Яўгена Канстанцінава правялі ператрус, на які яго забралі проста з працы.

Праблемы з працай паўсталі і ў віцебскага прадпрымальніка Ўладзімера Рамановіча — актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства