viasna on patreon

У Беларусі пачалася пазачарговая атэстацыя адвакатаў

2011 2011-06-28T12:39:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Як паведамляе сайт Міністэрства юстыцыі, галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі зацверджаны склады атэстацыйных камісій. У іх уключаны кіраўнікі ўпраўленняў юстыцыі, калегій адвакатаў, суддзі, дэпутаты, прадстаўнікі юрыдычнай навукі.

Атэстацыйныя камісіі, якія ўзначальваюць начальнікі адпаведных галоўных упраўленняў юстыцыі, разгледзяць працу адвакатаў зыходзячы з якасных і колькасных паказчыкаў іх дзейнасці па абароне па крымінальных справах, прадстаўніцтве па грамадзянскіх справах, справах, што ўзнікаюць з гаспадарчых (эканамічных) спрэчак, і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Пры ацэнцы дзейнасці будуць улічвацца праца па прававой асвеце насельніцтва і ўдзел у аказанні юрыдычнай дапамогі жыхарам сельскай мясцовасці і аграгарадкоў. Пры атэстацыі будуць улічвацца заахвочванні адвакатаў, а таксама дысцыплінарныя спагнанні, факты парушэння дзейнага заканадаўства, паведамляе сайт Мінюста.

"Вынікі атэстацыі дазволяць даць рэальную ацэнку якасці і эфектыўнасці дзейнасці як кожнага адваката, так і адпаведнай раённай юрыдычнай кансультацыі і абласной (Мінскай гарадской) калегіі адвакатаў у цэлым", — адзначаецца ў паведамленні.

Нагадаем, у лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзій чатырох адвакатаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў — Алега Агеева, Таццяну Агееву, Уладзіміра Толсціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

3 сакавіка са складу калегіі быў выключаны адвакат Павел Сапелка.

23 сакавіка Мінюст папярэдзіў прэзідыум Мінскай гарадской калегіі адвакатаў аб магчымасці прымянення да "некаторых службовых асоб" прэзідыума дысцыплінарнага і адміністрацыйнага характару ў выпадку "працягу палітыкі канфрантацыі" і "палітызавання пытанняў спынення дзеяння ліцэнзій" членаў калегіі.

6 чэрвеня Павел Сапелка звярнуўся ў Канстытуцыйны суд Беларусі з просьбай даць ацэнку загаду Мінюста аб пазачарговай атэстацыі адвакатаў. У звароце адзначаецца, што згодна з дзейнымі нормамі заканадаўства "атэстацыю адвакатаў праводзіць атэстацыйная камісія калегіі адвакатаў, якая прызначаецца прэзідыумам адпаведнай калегіі адвакатаў. Склад атэстацыйнай камісіі фарміруецца не менш чым з пяці кваліфікаваных адвакатаў, якія маюць стаж працы ў адвакатуры не менш чым пяць гадоў і не падлягаюць атэстацыі на гэты момант".

Былы адвакат сцвярджае, што загад Мінюста супярэчыць нарматыўным актам, якія рэгулююць адвакацкую дзейнасць, у тым ліку палажэнням закона "Аб адвакатуры" і пастанове Мінюста "Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку правядзення атэстацыі адвакатаў". У іх нідзе наўпрост не гаворыцца аб пазачарговай атэстацыі адвакатаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства