У Мінску адкрыўся "Офіс па правах людзей з інваліднасцю"
28 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя новай асветніцкай праваабарончай установы "Офіс па правах людзей з інваліднасцю".
"Не інвалідаў, а менавіта людзей з інваліднасцю", — падкрэсліў на
прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да адкрыцця офіса, старшыня
Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Драздоўскі.
Офіс ставіць сваёй асноўнай задачай абараняць правы і законныя інтарэсы
людзей з інваліднасцю. Сёння гэтыя правы парушаюцца практычна "ва ўсіх
сферах", сказаў Драздоўскі. У тым ліку ў пытанні працаўладкавання.
Паводле слоў Драздоўскага, прыблізна 40% людзей, якія спрабавалі
ўладкавацца на працу, прызнаюцца, што іх не ўзялі толькі таму, што ў іх
была інваліднасць.
Прасунуцца па кар'ернай лесвіцы чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі ў
беларускім грамадстве таксама няпроста. Старшыня асацыяцыі
інвалідаў-калясачнікаў не здолеў нагадаць ніводнага чалавека з
інваліднасцю сярод вядомых дзеячаў культуры і палітыкаў. І справа тут не
ў адсутнасці таленту, а ў сітуацыі, калі "людзі з інваліднасцю
знаходзяцца на краі грамадскай плыні", сказаў Драздоўскі.
Установа "Офіс па правах людзей з інваліднасцю" ставіць сваёй мэтай змяніць гэту сітуацыю, зазначаюць яго заснавальнікі.