Праваабаронцы пра рэпрэсіі супроць «маўклівых пратэстантаў»: зьдзек з права
Жалю вартай назвалі сытуацыю з правамі чалавека праваабаронцы Міжнароднай назіральнай місіі, якія працавалі ў краіне цягам 6 месяцаў, а 28 чэрвеня падвялі вынікі працы.
Са сьнежня 2010 году больш як 50 назіральнікаў Міжнароднай назіральнай місіі
прыяжджалі ў Беларусь, зь іх 10 чалавек былі
пазбаўленыя магчымасьці працаваць: 7 расейскіх праваабаронцаў затрымалі і выдалілі з краіны, 3 праваабаронцы з Украіны былі
спыненыя на мяжы і ў Беларусь
ня трапілі.
Ім усім
надалей забаронены ўезд у Беларусь.
І ўсё ж група актыўна
дзейнічала, у тым ліку пры дапамозе калегаў зь Беларускага Хэльсынскага камітэту. 28 чэрвеня расейскі
праваабаронца Дзьмітрый Макараў паведаміў:
«Усе аналітычныя матэрыялы, якія мы падрыхтавалі, утрымліваюць ня толькі канстатацыю
досыць жалю вартай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, але і рэкамэндацыі, як яе хоць неяк паправіць».
Аднак, паводле Дзьмітрыя Макарава, улады нічога ня робяць, каб выправіць сытуацыю. Расейскі
праваабаронца зазначыў, што адзінай рэакцыяй на крытычныя сыгналы стала тое, што супярэчыць узятым
на сябе
Беларусьсю абавязаньням: замест садзейнічаньня праваабаронцам, улады Беларусі
ўзмацнілі ціск на праваабарончыя структуры, у тым ліку на міжнародных назіральнікаў.
«Цікаўнасьць да сытуацыі ў Беларусі
за апошнія паўгода павялічылася. Мы будзем узмацняць нашу працу
па назіраньні ды інфармаваньні пра тое, што ў Беларусі
адбываецца з правамі чалавека», — паведаміў праз онлайн-сувязь
кіраўнік місіі, вядомы расейскі праваабаронца Андрэй Юраў,
якому ўезд у Беларусь улады забаранілі. У сакавіку Андрэя Юрава
затрымала менская міліцыя, яго пратрымалі дзень у пастарунку
і выдалілі зь Беларусі з «воўчым білетам».
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак лічыць
зьдзекам з права тое, што робіць менская міліцыя з удзельнікамі
апошніх акцый «маўклівага пратэсту». Прадстаўнікі міжнароднай місіі згодныя
зь беларускім праваабаронцам у тым, што затрыманьні людзей, якія
не ўжываюць гвалту на вуліцах, супярэчаць у тым ліку
і беларускім законам. Алег Гулак кажа пра дакладную сувязь актыўнасьці
інвэстараў у Беларусі з станам правоў чалавека ў краіне:
«Без чаго ня могуць абысьціся самі інвэстары, — гэта тое, што
ў краіне павінны свабодна працаваць мэдыі, якія даносяць аб’ектыўную
інфармацыю, што вельмі важна для саміх інвэстараў. Таксама для інвэстараў
вельмі важна, каб у краіне дзейнічала незалежная судовая сыстэма,
бо бяз гэтага інтарэсы інвэстараў ня могуць быць гарантаваныя. І вельмі важна, каб у краіне магла свабодна дзейнічаць грамадзянская супольнасьць.
Каб як нацыянальныя,
гэтак і міжнародныя арганізацыі мелі магчымасьць свабодна выконваць свае функцыі ў межах тых
пагадненьняў па правах чалавека, якія наша краіна сама ратыфікавала і павінна выконваць».
Праваабаронцы зь Міжнароднай назіральнай місіі адзначылі асаблівасьць сытуацыі ў Беларусі ў галіне правоў
чалавека — гэта наяўнасьць моцнай грамадзянскай супольнасьці і яе вялікая падтрымка ў сьвеце.