МЗС Латвіі накіравала Беларусі ноту пратэсту
Міністэрства замежных справа Латвіі
накіравала Беларусі ноту ў сувязі з затрыманьнем журналіста Латвійскага радыё
Угіса Лібіетыса. Ён быў затрыманы 29 чэрвеня ў часе акцыі маўклівага пратэсту ў
Менску, а пазьней быў вызвалены.
«Мы патрабуем, каб улады Беларусі пільна расьсьледавалі інцыдэнт і надалей не
дапускалі падобных абмежаваньняў журналісцкай дзейнасьці", - гаворыцца ў
ноце.
Міністар замежных справаў Латвіі Гірт Валдзіс Крыстоўскіс падкрэсьліў, што
парушаць правы журналістаў, калі яны выконваюць свае прафэсійныя абавязкі,
недапушчальна, паведамляе Беларуская Асацыяцыя журналістаў.
«Латвія зацікаўлена ў падтрыманьні стабільных і добрасуседзкіх адносінаў з
Беларусьсю, але падобныя крокі з боку беларускіх уладаў не спрыяюць
паразуменьню і добрым адносінам паміж краінамі», - заявіў міністар.
Ён падкрэсьліў, што для Латвіі непрымальна тое, што адбываецца ў Беларусі
пасьля прэзыдэнцкіх выбараў - судовыя працэсы па справах былых кандыдатаў і
апазыцыйных актывістаў, запалохваньне грамадзтва і СМІ, гвалтоўнае падаўленьне
акцый пратэсту.