viasna on patreon

Магілёў. Удзельнікаў маўклівых акцый запалохваюць арыштамі

2011 2011-07-03T14:48:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Магілёве актывістаў апазыцыі і журналістаў невядомыя папярэджваюць пра адказнасьць за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Пра гэта заяўляюць мясцовыя праваабаронцы.

Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, актывістам тэлефануюць, прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі й пагражаюць адміністрацыйнымі арыштамі, у выпадку калі яны зьявяцца на традыцыйнае месца збору ўдзельнікаў маўклівых акцый — у сквэр насупраць плошчы Леніна:

«Нам вядома пра пяць такіх тэлефанаваньняў. Відавочна, што іх нашмат больш. Цяпер мы зьбіраем зьвесткі. Міліцыя адпрацоўвае шаблённую акцыю барацьбы з апазыцыяй, але яна якраз і не зьяўляецца арганізатарам маўклівых пратэстаў. Калі людзі захочуць выйсьці на акцыю, яны ўсё адно выйдуць».

Папярэдзілі пра адміністрацыйны арышт журналіста і актывіста сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава. Пагрозу пераказалі ягонай жонцы. Актывіста ў двары не было.

Ігар Барысаў: «Патэлефанавалі, не прадставіліся і адразу пачалі пагражаць. Калі ваш муж зьявіцца ў раёне плошчы, мы яго арыштуем. Так яны сказалі маёй жонцы. Ведаю, што тэлефанавалі й нашаму актывісту Максіму Кавалёву. Шукаюць Андруся Дзьвігуна».

Прыходзіў участковы міліцыянт і да шматдзетнай маці Натальлі Шкадун.

«Ён прыйшоў, сказаў, што ўчастковы. Я яму не адчыніла дзьверы. Буду пісаць скаргу на імя начальніка Ленінскага аддзела міліцыі. Выходны сьвяточны дзень, а мяне даймаюць міліцыянты сваімі візытамі. Тэатар абсурду. Што я абмежаваная ў перасоўваньні па горадзе. Якія падставы гэтаму?»

Апошняя маўклівая акцыя пратэсту 29 чэрвеня ў Магілёве сабрала каля паўтысячы чалавек. Яна стала самай масавай з усіх, праведзеных дагэтуль.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства