Андруся Кашэўскага трое сутак трымалі ў пастарунку Ленінскага раёну Менску
4 ліпеня Ленінскім судом Менска на 10 сутак адміністратыўнага арышту асуджаны сябра аргкамітэту БХД з Жодзіна і Смалявічаў Андрусь Кашэўскі. Яго затрымалі яшчэ 1 ліпеня за распаўсюд улётак і 3-е сутак пратрымалі ў Ленінскім РУУСе. Пра гэта на 4-я суткі паведамілі па тэлефоне маці актывіста, якая ў адчаі абтэлефаноўвала ўсе Менскія РУУСы і суды.
Пра гэты жахлівы выпадак распавёў прэс-службе БХД сустаршыня аргкамітэту Павал Севярынец: "Умовы для затрыманых ў райадзелах вельмі жосткія: альбо клетка, альбо каменны мяшок, у якім нельга нават прылегчы. Ня кормяць. Чацьвёра сутак у такіх умовах - гэта проста катаваньні."
Актывіст БХД, каталік Андрусь Кашэўскі распаўсюджвае незалежныя газэты ў электычках барысаўскага накірунку. Яго ўжо не аднойчы затрымлівалі і арыштоўвалі па палітычных матывах, а ў гэтым годзе нават зьмясьцілі актывіста ў псіхіятрычны шпіталь у Навінках, ужываючы да яго метады карнай псіхіятрыі.