viasna on patreon

Праваабаронцы азнаёмілі з бягучай сітуацыяй у Беларусі ўдзельнікаў 20-й сесіі ПА АБСЕ

2011 2011-07-08T13:46:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/06072007_osce.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Хартыя 97.

Фота Хартыя 97.

9 ліпеня на 20-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ будзе прынятая рэзалюцыя па Беларусі, асноўным аўтарам праекта якой з’яўляецца дэпутатка ад Нямеччыны Ута Цапф. Напярэдадні прыняцця рэзалюцыі спн. Цапф арганізавала брыфінг, у якім з беларускага боку бралі ўдзел Ірына Багданава, сястра палітвязня Андрэя Саннікава, старшыня Партыі БСДГ Станіслаў Шушкевіч, намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, а таксама прадстаўнікі Камітэта Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі - эксперт IDEA Eurasia Network Вольга Захарава і Прэзідэнт Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека Юрый  Джыбладзэ.    

Удзельнікі брыфінгу азнаёмілі прысутных з бягучай сітуацыяй у Беларусі. Ірына Багданава распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, якія зараз адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Валянцін Стэфановіч акрэсліў тэндэнцыі, што з’явіліся ўжо пасля завяршэння судовых працэсаў па падзеях 19 снежня 2010 году. Праваабаронца распавёў пра акцыі маўклівага пратэсту, якія праходзілі ў Беларусі штосераду і 3 ліпеня, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі падчас гэтых акцыяў і арышты ўдзельнікаў. Асобна ён адзначыў ціск на праваабаронцаў і журналістаў, які працягваецца ў Беларусі, у тым ліку перашкоды з боку супрацоўнікаў міліцыі ў іх законнай прафесійнай дзейнасці падчас “маўклівых” акцыяў.  

Ад імя Камітэта Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Юрый Джыбладзэ прапанаваў міжнародным арганізацыям шэраг распрацаваных рэкамендацыяў.

“Сэнс гэтых рэкамендыцыяў зводзіўся да таго, каб Беларусь і надалей заставалася ў фокусе АБСЕ, - адзначае В. Стэфановіч. – Яны скіраваныя на далейшае ў пэўным сэнсе рэфармаванне АБСЕ, таму што відавочна, што механізмаў кантролю выканання абавязацельстваў, якія на сябе бяруць краіны-удзельніцы ў межах АБСЕ, недастаткова. І сітуацыя ў Беларусі гэта яскрава пацвердзіла. Напрыклад, быў запушчаны “Маскоўскі механізм”, ён фактычна скончыўся і што надалей?”

Нагадаем, што ў красавіку 2011 году ў дачыненні да Беларусі быў ініцыянаваны “Маскоўскі механізм”. У межах гэтай працэдуры спецдакладчыкам АБСЕ па Беларусі быў прызначаны прафесар міжнароднага права Парыжскага ўніверсітэта Эмануэль Дэко, які ў траўні распачаў сваю працу па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Афіцыйны Мінск, натуральна, не прызнаў спецдакладчыка, і яго візіт ў Беларусь не адбыўся, паколькі  ён не атрымаў запрашэння ад урада. Нягледзячы на гэта, Эмануэль Дэко падрыхтаваў даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. 16 чэрвеня Пастаянны савет АБСЕ разгледзеў гэты дакумент і заклікаў афіцыйны Мінск выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы.    

Каб гэты працэс не спыніўся, Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі наступным крокам і распрацаваў свае Рэкамендацыі. Сярод іх ёсць прапанова, каб на вераснёўскім паседжанні па чалавечым вымярэнні АБСЕ, якое традыцыйна адбываецца ў Варшаве, галоўнай тэмай мерапрыемства заставалася Беларусь. І ў прынцыпе эксперты указваюць на неабходнасць пэўнай уніфікацыі вынікаў працы спецыяльных дакладчыкаў па сітуацыі ў Беларусі ад розных міжнародных структураў, такіх як ПАСЕ, ААН .

“Таксама было прапанавана, каб міжнародныя структуры кіраваліся не палітычнымі ацэнкамі сітуацыі, а выключна з пазіцыі наяўнасці ці адсутнасці прагрэса ў галіне правоў чалавека. І каб гэтыя ацэнкі пасля выкарыстоўваліся рознымі арганізацыямі кшталту Міжнароднага Валютнага Фонду пры вырашэнні пытанняў пра супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам”, - дадае В.Стэфановіч.

Па словах праваабаронцы, прыняцце рэзалюцыі па Беларусі было перанесена на суботу 9 ліпеня. На цяперашні момант ёсць шэраг прапановаў з боку нацыянальных парламенцкіх дэлегацый, якія ўзмацняюць гэты дакумент, больш прывязваючы яго да цяперашняй сітуацыі ў Беларусі.  

Даведка: “Маскоўскі механізм” быў прыняты АБСЕ ў 1991 годзе як комплекс мераў надзвычайнага характару для маніторынгу сітуацыі ў краіне, дзе становішча дэстабілізавана - мае месца востры канфлікт, масавае парушэнне правоў чалавека і да т.п. АБСЕ стварае адмысловую камісію, якая назірае за сітуацыяй і дае экспертнае заключэнне, якое кладзецца ў аснову палітыкі арганізацыі ў дачыненні да гэтай краіны. Да дзяржавы, якая перашкаджае працы камісіі АБСЕ ці не выконвае рэкамендацыі арганізацыі, могуць быць ужытыя рознага роду санкцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства