Баранавічы: актывіст Гундар накіраваў скаргу на дзеянні службовых асоб ГАУС
8 ліпеня 2011 года грамадскі актывіст Уладзімір Гундар накіраваў скаргу на неправамерныя дзеянні службовых асоб Баранавіцкага ГАУС пракурору горада і начальніку гарадской міліцыі.
Уладзімір Гундар паведамляе, што 15 чэрвеня з 19.00 да 19.20 знаходзіўся ў цэнтры горада па асабістых справах. Нечакана да яго падышлі малодшы сяржант Красоўскі і радавы Юрчык і запатрабавалі прад’явіць дакументы. На іх патрабаванне ён паказаў пашпарт у сваіх руках. Але міліцыянты запатрабавалі, каб пашпарт аддаў ім, на што Уладзімір Гундар адказаў, што неабавязаны перадаваць у іх рукі пашпарт. Тады малодшы сяржант Красоўскі заявіў, што яго затрымлівае на тры гадзіны для высвятлення асобы, на што Уладзімір Гундар сказаў: “Як можна, калі пашпарт пры мне, ды яшчэ і пасведчанне інваліда ІІ групы”. Калі гэты нумар не прайшоў, паведамляе далей У.Гундар у сваёй скарзе, тады малодшы сяржант Красоўскі сказаў, што затрымлівае яго для дактыласкапіі. На гэта патрабаванне грамадскі актывіст адказаў, што ён не злачынца і яго не засталі на мецы злачынства, таму, для таго, каб узяць у яго адбіткі пальцаў павінны выпісаць позву, чаго не было зроблена. Вычарпаўшы свае аргументы для затрымання грамадскага актывіста, нарад міліцыі паклікаў на дапамогу яшчэ двух міліцыянтаў і ў грубай форме, давадзіць Уладзімір Гундар, яго інваліда II групы павалаклі ў міліцэйскую машыну.
Далей Уладзімір Гундар паведамляе, што ў выніку вышэй апісанных брутальных і супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў ГАУС фактычна былі парушаны правы грамадзяніна РБ, якія гарантуюцца Асноўным Законам Канстытуцыяй РБ, РАЗДЗЕЛ I АСНОВЫ КАНСТЫТУЦЫЙHАГА ЛАДУ арт 2 – 4; РАЗДЗЕЛ II АСОБА, ГРАМАДСТВА, ДЗЯРЖАВА, арт. 21 – 23, 25, 28, 33, 35, 37, 51, 57 – 59, Закон РБ аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, і часова незаконна абмяжавана яго свабода.
На жаль, службовыя асобы органаў унутранных спраў ня толькі не выканалі стаячыя перад імі задачы, а наадварот, сваімі дзеяннямі парушылі тое, на абарону чаго накіравана іх служба – правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, падсумоўвае Уладзімір Гундар.
Зыходзячы з вышэй выкладзенага, кіруючыся арт. 2, 23, 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб органах унутранных спраў”, арт. 14 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры Рэспублики Беларусь” Уладзімір Гундар просіць даць прававую ацэнку дзеянням вышэй згаданых супрацоўнікаў Баранавіцкага ГАУС падчас яго затрымання 15 чэрвеня 2011 г. і прыцягнуць вінаватых у парушэнні яго правоў і свабод да ўстаноўленнай законам адказнасці.