viasna on patreon

АБСЕ заклікала вызваліць беларускіх палітвязняў

2011 2011-07-11T12:26:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе 9 ліпеня ў Бялградзе ўхвалена рэзалюцыя па Беларусі.

Яе праект быў прапанаваны для абмеркавання кіраўніком рабочай групы ПА АБСЕ па Беларусі Утай Цапф. Беларусь заклікаюць вызваліць палітычных зняволеных, затрыманых у сувязі з дэманстрацыямі ў снежні 2010 года; дазволіць палітвязням кансультавацца з юрыстамі, сустракацца з сем'ямі, атрымліваць медыцынскую дапамогу; дазволіць уезд у краіну незалежным экспертам, прызначаным ў рамках Маскоўскага мэханізму; развіваць заканадаўства ў галіне СМІ ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязаннямі краіны.

Прыняцце гэтай рэзалюцыі абмяжуе, калі не звядзе да нулю, магчымасць дыялогу з Беларуссю, заявіў на сэсіі ПА АБСЕ, якая транслявалася праз сайт асамблеі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі. На думку парламентарыя, сітуацыя ў краіне «стабільная і прадказальная» і ў прыняцці падобнай рэзалюцыі не было неабходнасці. «Тэкст мае шмат тэндэнцыйных фармулёвак агульнага плану», - заявіў Гумінскі.

"Рэзалюцыя - не запрашэнне да дыялогу і не працягнутая рука", - заявіла член камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Валянціна Лявоненка. Яна назвала дакумент "павярхоўным, староннім і суб'ектыўным", адзначыўшы, што яго тэкст "вытрыманы ў духу дыктату і недаверу".

Літоўскі парламентар Вілія Алекнайце-Абрамікене задала калегам пытанне: "У якой іншай краіне мы сутыкаемся з фактам, што амаль усе кандыдаты ў прэзідэнта, за выключэннем "пераможцы", аказваюцца ў турме?"

Брытанскі парламентар Тоні Лойд адзначыў, што АБСЕ імкнецца дапамагчы Беларусі прасунуцца да лепшага захавання правоў чалавека, але "рэжым у Менску перашкаджае гэтаму, і гэта - трагедыя для Беларусі".

"Гэта нея ўсе вакол Беларусі памыляюцца, гэта Лукашэнка і яго асяродздзе памыляюцца", - падкрэсліў Лойд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства