viasna on patreon

Даклад дакладчыка АБСЕ па Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму (+ тэкст дакумента)

2011 2011-07-13T13:48:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/osce-piachatka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прафесар Эмануэль Дэко ў працэсе падрыхтоўкі даклада праз адмову Беларусі супрацоўнічаць з місіяй не змог наведаць Менск. Але ён правёў інтэнсіўныя кансультацыі ў Парыжы, Жэневе, Вене, Варшаве і Вільнюсе з міжнароднымі арганізацыямі, прадстаўнікамі дыпламатычнай супольнасці, няўрадавых арганізацый і грамадзянскай супольнасці.

"Місія па ўстанаўленні фактаў паказвае на сур'ёзнасць, працягласць і маштаб грубых і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека пасля падзей 19 снежня. Гэта тычыцца не толькі доўгага спісу асобных спраў, якія выклікаюць сур'ёзную занепакоенасць, у тым ліку спраў "палітычных зняволеных", але таксама сістэмы сацыяльнага кантролю за кошт запалохвання і пераследу, катаванняў і шантажу, праслухоўвання тэлефонных размоваў, ілжывых паказанняў і прымусовых прызнанняў, з адвольнымі і дыскрымінацыйнымі мерамі і санкцыямі ў дачыненні да асоб і членаў іх сем'яў. Пад некаторымі юрыдычнымі завесамі няма ні незалежнага правасуддзя, ні законнасці. Беларусі неабходна выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў рамках АБСЕ і ААН і пагадзіцца на поўны і сталы маніторынг выканання правоў чалавека, які ажыццяўляецца незалежнымі органамі і арганізацыямі", - гаворыцца ў Рэзюмэ дакладу.

Нагадаем, што 6 красавіка 2011 года ў дачыненні да Беларусі 14 краінамі-ўдзельніцамі АБСЕ быў ініцыяваны "Маскоўскі механізм". У рамках гэтай працэдуры спецдакладчыкам па Беларусі быў прызначаны прафесар міжнароднага права Парыжскага ўніверсітэта Эмануэль Дэко, які ў траўні пачаў працу па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Афіцыйны Менск не прызнаў спецдакладчыка, і яго візіт у Беларусь не адбыўся, паколькі ён не атрымаў запрашэння ад урада. Нягледзячы на ​​гэта, Эмануэль Дэко падрыхтаваў даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. 16 чэрвеня Пастаянны савет АБСЕ разгледзеў гэты дакумент і заклікаў афіцыйны Менск выконваць свае міжнародныя абавязацельствы.

Даведка: "Маскоўскі механізм" быў прыняты АБСЕ ў 1991 годзе як комплекс мераў надзвычайнага характару для маніторынгу сітуацыі ў краіне, дзе становішча дэстабілізавана - ёсць востры канфлікт, масавае парушэнне правоў чалавека і да т.п. АБСЕ стварае адмысловую камісію, якая назірае за сітуацыяй і дае экспертнае заключэнне, якое кладзецца ў аснову палітыкі арганізацыі ў дачыненні да гэтай краіны. Гэта адзін з нешматлікіх інструментаў АБСЕ, рашэнне аб прымяненні якога не патрабуе дасягнення кансэнсусу сярод усіх краін-удзельніц; яго могуць ініцыяваць не менш як 10 краін-удзельніц. Да дзяржавы, якая перашкаджае працы камісіі АБСЕ ці не выконвае рэкамендацыі арганізацыі, могуць быць ужытыя рознага кшталту санкцыі.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства