viasna on patreon

У Брусэлі абмеркавалі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

2011 2011-07-13T18:06:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/euraparlament.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня ў Брусэлі на супольным пасяджэньні камітэтаў Эўразьвязу па міжнародных пытаньнях і па пытаньнях правоў чалавека ішла гаворка аб сытуацыі ў Беларусі. На паседжаньні прысутнічаў Алесь Бяляцкі, старшыня беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна».

Яшчэ адразу пасьля выбараў 19 сьнежня прадстаўнікі ўлады разгарнулі вялікую кампанію рэпрэсій у дачыненьні да апазыцыі, праваабаронцаў і незалежнай прэсы. Перасьлед працягваецца і цяпер, але рэжым з-за міжнароднай ізаляцыі, санкцыяў і эканамічнага крызісу натыкаецца на ўсе большыя цяжкасьці, - адзначыў Алесь Бяляцкі.

«Уладзе ўдаецца ня ўсё. Ёй не спрыяе і эканамічная сытуацыя, што вельмі актыўна разьвіваецца ў апошнія месяцы. У нас маштабны эканамічны крызіс, інфляцыя дасягнула 50 працэнтаў за апошнія тры месяцы. Таму цяпер улада апынаецца сам-насам не з палітычнымі актывістамі або праваабаронцамі, а з цэлымі сацыяльнымі пластамі беларускага грамадзтва»,- перадае словы Алеся Бяляцкага Радыё "Свабода".

Алесь Бяляцкі перакананы, што актыўнасьць людзей ня будзе спадаць, а восеньню ў Беларусі пройдуць шырокія акцыі пратэсту. "Хоць і рэжым ня дрэмле, - кажа ён. - Толькі за апошні месяц затрымалі больш за 2 тысячы удзельнікаў маўклівых акцый пратэсту".

У час, калі Эўропа захоплена падзеямі ў арабскім сьвеце, дзе, так бы мовіць, ляцяць галовы дыктатараў, у яе проста пад носам, у суседняй Беларусі, дзяржавай запраўляе паліцэйска-рэпрэсіўны рэжым, кажа францускі прафэсар права і дасьледчык сытуацыі ў Беларусі пры АБСЭ Эмануэль Дэко.

«Відавочна, што нельга дапусьціць, каб «арабская вясна» перайшла ў «эўрапейскую зіму». Пры гэтым цяперашні крызіс тычыцца ня толькі Беларусі або яе вялікіх суседзяў. Ён ставіць пад сумнеў прынцыпы і абавязаньні, якія складаюць сарцавіну нашай Эўропы»,- сказаў спадар Дэко.

Эўрадэпутат Яцэк Пратасевіч бачыць у гэтых апошніх перасьледах і арыштах прыкметы псыхічных парушэньняў унутры беларускай улады:

«У Беларусі мы назіраем рух у процілеглы бок ад дэмакратычных стандартаў. Рэакцыя ўлады нават даходзіць да абсурду і параноі. Апошнім часам людзей арыштоўваюць толькі за тое, што яны ходзяць па вуліцах. Не крычаць, не пратэстуюць, ня носяць ніякіх лёзунгаў, а толькі ходзяць па публічных месцах. За гэта іх арыштоўваюць і саджаюць у турму на некалькі сутак».

Польскі парлямэнтар заклікае не аслабляць міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі, таму што толькі гэта можа дапамагчы вызваленьню і рэабілітацыі каля сотні палітычных зьняволеных. Ён прыводзіць прыклад эфэктыўнасьці санкцый: нядаўняе вызваленьне журналіста «Газэты выборчай" Анджэя Пачобута, які прасіў дэпутата паведаміць усім, што яго «вызвалілі толькі дзякуючы ціску міжнароднай супольнасьці і пагрозе далейшага ўзмацненьня жорсткасьці санкцый супраць афіцыйнага Менску».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства