Незалежную газету «Нясвіжскі час» зноў адмовіліся распаўсюджваць праз кіёскі
У канцы чэрвеня рэдакцыя накіравала ліст з прапановай пра супрацоўніцтва ў «Мінаблсаюздрук».
На пачатку ліпеня яна атрымала адказ, што «УП «Манаблсаюздрук» скончыла дамоўную кампанію на пастаўку перыядычных выданняў на 2011 год 3-га студзеня 2011 года і не плануе распаўсюджваць у бягучым годзе газету «Нясвіжскі час». Дырэктар прадпрыемства А. Кудрэйка прапануе пазней вярнуцца да пытання заключэння дамовы на пастаўку газеты у 2012 годзе.
«Наша выданне з 2007 года не распаўсюджваецца праз дзяржаўную сетку кіёскаў „Саюздруку“. Мы неаднаразова ўздымалі гэтае пытанне, у тым ліку і перад уладамі, але яно не вырашаецца, — сказаў службе маніторынгу БАЖ галоўны рэдактар „НЧ“ Аляксей Белы. — Аднак мы ўсё роўна стукаемся ва ўсе дзверы, каб потым ні ў каго не было магчымасці сказаць, што рэдакцыя ні да каго не звярталася».