Івану Шылу – арышт на 8 сутак
Такое пакаранне 15 ліпеня ў Салігорскім судзе агучыў суддзя Бураўцоў. Разгляд адміністратыўнай справы моладзевага актывіста, затрыманага ў “маўклівую сераду” 13 ліпеня, пачаўся ўчора, але быў перанесены, паколькі Іван запатрабаваў прысутнасці адваката. Сёння адвакат прысутнічаць не змог, аднак суддзя не задаволіў хадайніцтва пра перанос працэсу. Таксама не было задаволена хадайніцтва пра выклік сведкаў з боку абароны.
Іван Шыла быў затрыманы ўвечары 13 ліпеня, каля 19:00, у гарадскім універмагу супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным, нагадвае сайт САЛІГОРСК.org. Івана і яшчэ чатырох мяркуемых удзельнікаў акцыі даставілі ў Салігорскі РАУС. Учора былі вынесены прысуды Андрэю Тычыне (9 сутак арышту) і Алегу Бахту (штраф 350 тысяч рублёў).
Падчас апытання ў судзе Іван назваў працэс палітычным і адзначыў, што, нажаль, апраўданне было б цудам з-за палітычных абставінаў.
У працэсе былі апытаныя шэсць сведкаў-міліцыянтаў, у тым ліку і намесніка начальніка Салігорскай міліцыі, адказнага за брутальныя затрыманні ўдзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту ў горадзе.
“Наведвальнікі працэсу адзначаюць нахабныя паводзіны намесніка начальнікам міліцыі падчас судовага паседжання. "Такое адчуванне, што спадар Крывальцэвіч вядзе працэс, а не суддзя Бураўцоў. Нахабства і непавага да ўсіх удзельнікаў працэсу наўпрост падчас паседжання", - падзяліўся сваімі ўражаннямі з САЛІГОРСК.org Ілля Шыла падчас перапынку. Як адзначаюць наведвальнікі ўчорашніх палітычных працэсаў, вынікі і хаду судовых паседжанняў вызначае менавіта Крывальцэвіч. Ён кіруе сведкамі-міліцыянтамі і падчас перапынкаў кансультуе суддзяў.
Падчас разгляду справы абарона запатрабавала прадставіць відэазапісы з Салігорскага РАУС і журнал званкоў у дзяжурную частку, паколькі час затрымання Івана Шылы разыходзіўся з рэальным больш як на паўгадзіны. Відэазапіс мог пацвердзіць факт знаходжання Івана ў РАУСе ўжо ў 18:50. Паводле пратаколу, маладзён быў затрыманы толькі ў 19:10 (плюс час на дастаўку ў РАУС). Таксама ў журнале званкоў мусіць быць адлюстраваны званок маці Івана, якой ужо ў 18:50 дзяжурны міліцыянт паведаміў аб знаходжанні маладзёна ў аддзяленні.
Як апынулася, відаэзапіс у дзяжурнай частцы на той момант не вёўся, як не вёўся і журнал званкоў. Міліцыянты нават прадставілі адпаведную даведку!