viasna on patreon

Генпракуратура: Па фактах прыцягнення журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці даручана правесці праверку

2011 2011-07-15T15:27:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч накіраваў міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову ліст у сувязі з заявай журналістаў, што паступіла ў Генпракуратуру 13 ліпеня, аб неабгрунтаваных затрыманнях прадстаўнікоў СМІ пры правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, канфіскацыі ў іх фотавідэаматэрыялаў і прафесійнай тэхнікі.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, у лісце ўказана, што правы і абавязкі журналістаў вызначаны законам "Аб сродках масавай інфармацыі", згодна з якім журналіст мае права ў парадку, вызначаным заканадаўствам, прысутнічаць па заданні рэдакцыі на масавых мерапрыемствах і перадаваць адтуль інфармацыю.

Пры гэтым, як зазначаюць у Генпракуратуры, "журналіст абавязаны выконваць патрабаванні заканадаўства, паважаць правы, свабоды і законныя інтарэсы фізічных і юрыдычных асоб, прад'яўляць па патрабаванні пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці службовае пасведчанне. Замежныя журналісты могуць ажыццяўляць дзейнасць толькі пры наяўнасці акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь".

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў у адпаведнасці з арт. 25 закона "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь" надзелены паўнамоцтвамі па часовым абмежаванні або забароне доступу грамадзян на асобныя ўчасткі мясцовасці і аб'екты, а таксама маюць права абавязаць пакінуць вызначаныя месцы для забеспячэння асабістай і грамадскай бяспекі. Згаданыя паўнамоцтвы могуць быць рэалізаваны і ў дачыненні да прадстаўнікоў СМІ, зазначылі ў Генпракуратуры.

Пры гэтым у Генпракуратуры мяркуюць неабходным улічваць, што "дзейнасць журналістаў пры зборы і перадачы інфармацыі носіць прафесійны характар і заснавана на нормах заканадаўства".

Генеральны пракурор выказаўся за забеспячэнне выканання заканадаўства такім чынам, каб "і супрацоўнікі праваахоўных органаў, і журналісты маглі выконваць ускладзеныя на іх абавязкі і рэалізоўваць свае правы, замацаваныя ў згаданых законах".

Па фактах прыцягнення журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці даручана правесці праверку, паведамілі ў Генпракуратуры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства