У Наваполацку аштрафаванага за “маўклівую сераду” хочуць звольніць з працы
Сёння раніцай Алег Крайко, які працуе грузчыкам на заводзе “Палімір”, быў выкліканы да начальніка цэха Аляксандра Мурыгіна, дзе напісаў заяву пра тое, што не будзе ўдзельнічаць у падобнага кшталту мерапрыемствах. Аднак начальнік сказаў, што дырэктар завода Алег Жэбін усё адно будзе настойваць на яго звальненні.
У мінулую пятніцу Алега Крайко, затрыманага падчас “маўклівай” акцыі 13 ліпеня, Наваполацкі суд пакараў штрафам. У гэты ж дзень намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Сяргей Брыкун праводзіў нараду, дзе абмяркоўваліся акцыі маўклівага пратэсту, што праходзяць у горадзе.
Ідэолаг прадпрыемства Сяргей Брыкун выклікаў падначаленага на размову 21 чэрвеня. Нагодай для гэтага стала затрыманне Алега Крайко ў цэнтры Наваполацка 19 чэрвеня, калі актывіст збіраўся браць удзел у маршы нязгодных з нагоды шасці месяцаў ад дня прэзідэнцкіх выбараў. У выніку затрымання актывісту было вынесена папярэджанне.
- Намеснік дырэктара ў той размове сказаў, што чытаў пра маё затрыманне ў інтэрнеце на некалькіх сайтах, дзе я быў прадстаўлены як лідэр мясцовага аргкамітэта БХД. Ён адзначыў, што такая дзейнасць не сумяшчальная з працай на дзяржпрадпрыемстве, - дадае актывіст.
Нагадаем, што ў гэтым месяцы ў Наваполацку з вытворчага аб’яднання “Нафтан”, у якое ўваходзіць завод “Палімір”, быў прымусова звольнены грамадскі актывіст Яўген Канстанцінаў. Яму таксама прапанавалі напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні, у адваротным выпадку пагражалі звольніць па віне працаўніка.