Ежы Бузэк: абыходжанне з Бандарэнкам - агіднае і бесчалавечнае
Кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузэк асудзіў дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да палітвязня. Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», палітвязень Зміцер Бандарэнка павінен легчы на аперацыю, а затым адправіцца ў выпраўленчую калонію. Яму пагражае інваліднасць, нагадвае "Польскае радыё". - Абыходжанне з Бандарэнкам з боку беларускіх уладаў з'яўляецца агідным і нялюдскім. У яго сур'ёзныя праблемы з хрыбетнікам, ён мае патрэбу ў кансультацыі спецыяліста і рэабілітацыі.
Далейшае нічым неабгрунтаванае ўтрыманне ў турме толькі пагоршыць ягоны стан здароўя, можа нават прывесці да пастаяннай інваліднасці, - заявіў кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузэк.
- Бандарэнка, як і тысячы безыменных герояў, змагаецца за свабоду, дэмакратыю і лепшую будучыню для ўсіх беларусаў. Іх пазіцыя патрабуе высокай ацэнкі і рашучай падтрымкі, - дадаў Бузэк.
Ежы Бузэк ў чарговы раз заклікаў беларускія ўлады да неадкладнага вызвалення з турмы ўсіх палітычных зняволеных.
- Іх месца не ў ізаляцыі, а ў коле сям'і і сяброў. Сапраўдныя лідэры прыслухоўваюцца да голасу сваіх грамадзян, у той час як дыктатары кідаюць іх у турмы - адзначыў кіраўнік Еўрапарламента.
Ён падкрэсліў, што Еўрапейскі парламент знаходзіцца на баку беларусаў і падтрымлівае іх дэмакратычныя памкненні.
- Беларусы заслужылі, каб будучыня іх радзімы была сярод свабодных і дэмакратычных краін Еўропы, - адзначыў палітык.