Месцазнаходжанне Змітра Бандарэнкі невядомае
Дзмітрыя Бандарэнку, які сёння раніцай быў дастаўлены ў бальніцу, павезлі ў невядомым напрамку людзі ў цывільным.
Як паведаміла БелаПАН яго жонка Вольга, зняволенага даставілі з турэмнай бальніцы ў 5-ю клініку Мінска пад аховай прыкладна ў 10.00. "Я прайшла ў прыёмнае аддзяленне, каля ўваходу стаялі сябры Дзімы. Увайшоў чалавек у цывільным і сказаў, што, калі мы не хочам непрыемнасцяў, то павінны разысціся. Я была ўнутры, калі мне паведамілі, што машына, у якой знаходзіўся муж, паехала", — паведаміла Вольга Бандарэнка.
Паводле яе слоў, урачы бальніцы ўжо практычна аформілі дакументы, але Бандарэнку павезлі, "і дакументы паклалі ў стол". Дзе зараз знаходзіцца яе муж, Вольга не ведае.
Як паведамлялася раней, 26 ліпеня Дзмітрыя Бандарэнку павінны аперыраваць у 5-й бальніцы.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская
Беларусь", давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава на
выбарах 2010 года, Бандарэнка ў красавіку быў асуджаны на два гады
пазбаўлення волі за "арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх".
Пасля затрымання ў снежні мінулага года і ўтрымання пад вартай у СІЗА
КДБ у яго абвастрыліся хранічныя захворванні. У маі яго агледзеў
урач-неўролаг, які заявіў, што зняволенаму патрэбна аперацыя — у яго
дыягнаставаныя чатыры грыжы дыскаў пазваночніка, ушчамленне трох
спіннамазгавых нерваў. У чэрвені стан зняволенага пагоршыўся, яго
перавялі ў медсанчасць, а затым у Рэспубліканскую турэмную бальніцу.
Бандарэнка паставілі перад выбарам: адпраўка ў калонію або аперацыя. У
такіх умовах ён вымушаны быў даць пісьмовую згоду на аперацыю. Пры гэтым
у кансультацыі нейрахірурга асуджанаму адмоўлена. Фактычна размова ідзе
аб прымусовай аперацыі, заяўляюць сваякі, сябры і аднадумцы Дзмітрыя.
Неадкладна вызваліць Дзмітрыя Бандарэнку афіцыйны Мінск заклікаў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек. У эфіры радыёстанцыі Polskie Radio 24 ліпеня ён заявіў: у дачыненні да Бандарэнкі ўлады паводзяць сябе "агідна і бесчалавечна". У зняволенага "сур'ёзныя праблемы з пазваночнікам, ён мае патрэбу ў спецыяльнай кансультацыі і рэабілітацыі", канстатаваў Бузек. "Далейшае нічым не абгрунтаванае ўтрыманне пад вартай толькі пагоршыць стан яго здароўя, і можа нават прывесці да пастаяннай інваліднасці", — падкрэсліў ён.