“Супрацоўнік МУС не мусіць думаць інакш, як улада”
Да ахоўніка Дэпартаменту аховы МУС Рэспублікі Беларусь Ленінскага раёну Гародні Плятнёва Максіма Эдуардавіча звярнуўся намеснік кіраўніка аддзела па ідэалагічнай працы Дземіновіч. Тэмай размовы стаў нібыта нейкі сігнал з Мінску пра нядобранадзейнасць спадара Плятнёва.
Пазней размова прадоўжылася ў кабінеце першага намесніка начальніка гэтай установы падпалкоўніка Сарваса. Ахоўніка дакаралі тым, што ён нібыта не ў тых што трэба сацыяльных сетках зарэгістраваны і сябруе не з тымі людзьмі. І што супрацоўнік МУС не мусіць думаць інакш, як улада.
Пасля таго, як Максім Плятнёў выказаўся, што ён найперш грамадзянін сваёй краіны, і мае права на сваю ўласную думку, размова скончылася. Яму проста прапанавалі звольніцца па згодзе бакоў. Так яшчэ адзін гарадзенец стаў беспрацоўным.
Пазней Максім Плятнёў быў затрыманы на акцыі маўклівага пратэсту ў Гародні і асуджаны да штрафу, паведамляе "Гарадзенская вясна".