Бандарэнка на аперацыйным стале
У 5-й лякарні сёння аперуюць палітвязня Зміцера Бандарэнку. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Вольга.
Як паведамлялася раней, у апазіцыйнага палітыка дыягнаставаны парэз нагі, запаленне грыжы міжхрыбетнікавага дыска і зашчымленне спінных нерваў. Першы раз у 5-ю лякарню Зміцер быў дастаўлены раніцай 25 ліпеня. У прыёмным аддзяленні ўжо пачалі афармляць ягоныя дакументы, але праз нейкі час Бандарэнку нечакана звезлі, не паведаміўшы жонцы, куды менавіта. Увесь дзень родныя і сябры не ведалі пра месцазнаходжанне Зміцера. Бліжэй да вечара стала вядома, што яго вярнулі ў следчы ізалятар на Валадарскага. З асуджаным сустрэўся адвакат. Пасля гэтага позна ўвечары Бандарэнку ізноў даставілі ў клініку.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава на выбарах 2010 года. Яго, як і многіх актывістаў апазіцыі, затрымалі пасля апазіцыйнага мітынгу 19 снежня 2010 года і змясцілі ў СІЗА КДБ, дзе ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні. У красавіку суд прызнаў Бандарэнку вінаватым у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх» і прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
У маі асуджанага агледзеў лекар-неўролаг, які заявіў, што Бандарэнка мае патрэбу ў аперацыі. У чэрвені стан зняволенага пагоршыўся, яго перавялі ў медсанчастку, а потым у Рэспубліканскую турэмную лякарню. Там Бандарэнку паставілі перад выбарам: адпраўка ў калонію альбо аперацыя. У такіх умовах ён вымушаны быў даць пісьмовую згоду на аперацыю. Пры гэтым у кансультацыі нейрахірурга асуджанаму адмоўлена. Фактычна гаворка ідзе аб прымусовай аперацыі, заяўляюць родныя, сябры і аднадумцы Зміцера.
У абарону Зміцера Бандарэнкі выступіла амбасада Польшчы, якая старшынюе зараз у ЕЗ. Яна запатрабавала ад уладаў Беларусі забяспечыць неабходнае лячэнне, медыцынскі агляд і належную рэабілітацыю асуджанаму палітыку. Кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузек заклікаў афіцыйны Менск неадкладна вызваліць Бандарэнку і іншых палітвязняў.