viasna on patreon

Дэпутатка Бундэстагу падтрымае Сяргея Казакова

2011 2011-07-27T11:44:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі Ангеліка Граф заявіла пра сваё апякунства над беларускім палітвязьнем Сяргеем Казаковым у рамках кампаніі "Шэфства над палітвязьнямі".

Некалькі месяцаў таму кампанію ініцыявала праваабарончая арганізацыя "Libereco — Partnership for Human Rights".

Асуджанаму на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму актывісту “Эўрапейскай Беларусі” Сяргею Казакову 19 гадоў. Гэта адзін з самых маладых фігурантаў па справе 19 сьнежня.

"Сяргей Казакоў быў арыштаваны за тое, што мірным шляхам змагаўся за дэмакратычную Беларусь. Сваёй падтрымкай Казакова я хацела б адкрыта зьвярнуць увагу як на яго лёс, так і на лёс яго таварышаў-вязьняў. Дзеяньні беларускай дзяржавы непрымальныя для мяне, бо яна парушае асноўныя правы чалавека, свабоду думкі, сходаў і аб'яднаньняў. Я заклікаю ўлады Беларусі — краіны, якая падпісалася пад Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах — памятаць свае абавязаньні і нарэшце выконваць іх”, адзначыла ў сваёй заяве нямецкая сацыял-дэмакратка Ангеліка Граф.

Мэта кампаніі "Шэфства над палітвязьнямі" — забясьпечыць кожнаму палітвязьню ў Беларусі і яго сям’і маральную ды іншую падтрымку з боку эўрапейскіх палітыкаў. Апекуны бяруць на сябе абавязак сачыць за праблемамі таго ці іншага палітвязьня, дапамагаць, у тым ліку і матэрыяльна, ягонай сям'і, распаўсюджваць інфармацыю пра палітзьняволеных у Беларусі, каб дамагчыся іх вызваленьня. Сёньня ўдзельнікамі Плошчы пэрсанальна апякуюцца ўжо 13 эўрапейскіх палітыкаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства