viasna on patreon

Дэпутат Еўрапейскага Парламенту Марэк Мігальскі - неўязны ў Беларусь

2011 2011-07-27T15:11:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mihalckieuradeputat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дэпутат Еўрапейскага Парламенту Марэк Мігальскі

Дэпутат Еўрапейскага Парламенту Марэк Мігальскі

Сам Марэк Мігальскі ў інтэрв’ю Радыё Рацыя заявіў, што ў жніўні ён усё роўна збіраецца ў Беларусь:

– Я ўпершыню чую, што мне адмовілі ва ўездзе на тэрыторыю Беларусі, таму што ў мяне ёсць такое права па маім дыпламатычным пашпарце – я збіраюся паехаць туды каля 15 жніўня. Калі беларускія ўлады пажадаюць затрымаць мяне на мяжы, дык, магчыма, у іх ёсць на гэта права, але ніякай інфармацыі я не атрымліваў. У мяне дамоўленыя сустрэчы, важныя палітычныя перамовы з дзеячамі беларускай апазіцыі, з якімі я дамоўлены менавіта на палову жніўня. Пакуль, я і да ведама не дапускаю, што мне адмовяць ва ўездзе як сябру прадстаўніцтва па пытаннях Беларусі ў Еўрапарламенце. Я лічу, што наведванне Беларусі належыць да маіх абавязкаў, як і разуменне склаўшайся там сітуацыі, асабліва ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі.

***

Пра тое, што сп. Марэку Мігальскаму забаронены ўезд у нашу краіну, “Вясне” стала вядома 27 ліпеня са словаў начальніка Аддзела па грамадзянству і міграцыі Кастрычніцкага РУУС г. Мінска. Візіт еўрадэпутата ў Беларусь быў запланаваны на жнівень.

Бюро Дэпутата Еўрапарламенту Марэка Мігальскага афіцыйна звярнулася да сябраў праваабарончага цэнтру з просьбай даслаць запрашэнне сп. Мігальскаму, які запланаваў свой візіт у Беларусь з 12 па 16 жніўня.

Сёння сябра “Вясны” Зміцер Салаўёў звярнуўся з адпаведнай заявай у Аддзел па грамадзянству і міграцыі Кастрычніцкага РУУС г. Мінска. Заяву ў праваабаронцы прымаў начальнік АгіМ Дзяніс Сяргеевіч Матус.

Па словах Салаўёва, праз пяць хвілін пасля таго, як ён выйшаў з будынку па вуліцы Свярдлова, 24 а, яму патэлефанаваў начальнік АгіМ і паведаміў, што “ваш сябра неўязны”. На просьбу праваабаронцы ён абяцаў даслаць пісьмовы адказ.

Як еўрапарламентар і сябра-намеснік Дэлегацыі па дачыненнях Беларусь – Еўразвяз Марэк Мігальскі пасля падзеяў 19 снежня 2010 года асабліва пільна сочыць за сітуацыяй у Беларусі. Бюро Марэка Мігальскага рэалізуе розныя ініцыятывы ў падтрымку рэпрэсаваных і грамадзянскай супольнасці краіны. Апошняя кампанія, да якой далучыўся еўрадэпутат - шефства над палітвязнямі, ініцыяванае праваабарончай арганізацыяй Libereco - Partnership for Human Rights. Сп. Мігальскі заявіў пра падтрымку Змітра Бандарэнкі і сям’і палітвязня.

Раней стала вядома, што ўезд у краіну забаронены старшыні Еўрапарламенту Ежы Бузэку і дэпутату Яцэку Пратасевічу.

У сакавіку 2011 года з’явілася інфармацыя пра тое, што беларускія чыноўнікі ў адказ Еўразвязу і ЗША склалі свой “чорны спіс”.  У гэтым спісе значыцца больш за 150 прозвішчаў еўрапейскіх чыноўнікаў, журналістаў і палітыкаў, «якія праславіліся найбольш адыёзнымі ініцыятывамі ў дачыненні Беларусі», паведамляла тады агенцтва “Інтэрфакс-Захад” са спасылкай на крыніцу з беларускіх урадавых колаў. Толькі у адрозненне ад спісу неўязных у Еўразвяз, які стаў рэакцыяй на недэмакратычныя прэзідэнцкія выбары і хвалю рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці, беларускі “чорны спіс” з’яўляецца сакрэтным.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства