viasna on patreon

Андрэй Бандарэнка: Калоніі ды ізалятары бескантрольныя

2011 2011-08-02T11:41:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

“Мы можам прывесці масу прыкладаў катавання ў беларускіх вязніцах”, – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат” Андрэй Бандарэнка, прадстаўнік грамадскага аб’яднання “Платформа”, які сам правёў за кратамі амаль два гады нібыта за махлярства, аднак быў вызвалены з фармулёўкаю “праз адсутнасць складу злачынства”.

Андрэй Бандарэнка – адзін з ініцыятараў расследавання справы аб спробах суіцыду ў Глыбоцкай калоніі. Каб спыніць здзекі адміністрацыі, зняволеныя вымушаныя былі рэзаць сабе вены. Пра гэта расказаў адзін з былых асуджаных Юрый Лінга. “Я сам праз гэта прайшоў, я бачыў, як здзекуюцца з вязняў, менавіта здзекуюцца, – гаворыць Андрэй Бандарэнка. – Мы можам прывесці масу прыкладаў. Калі людзей прывозілі ўзімку (у прыватнасці, гэта датычыць віцебскага СІЗА) і кідалі ў камеры, дзе тэмпература была ніжэй за нуль, і там была вада. Яны былі вымушаныя ўсю ноч рабіць нейкія рухі – адціскацца, прысядаць, каб не замерзнуць”. Ні адміністрацыя СІЗА, ні пракурор нагляду пры гэтым на скаргі вязняў не рэагавалі.

“Магу працытаваць аднаго з ідэалагічных працаўнікоў калоніі – так званага зампаліта, які сказаў: “Мне прасцей “спісаць” цябе, чым сабаку, які здох”. Вось і ўсё стаўленне. Яны ганарацца рэжымнасцю і закрытасцю свайго аб’екту, усе справы яны вырашаюць з пракурорам нагляду, твае скаргі нікуды не выпускаюцца. Як вынік, чалавек бяспраўны”, – гаворыць Андрэй Бандарэнка.

На ягоную думку, праблему можна вырашыць, калі над месцамі выканання пакаранняў будзе ажыццяўляцца грамадскі кантроль. “У нас добры Крымінальны кодэкс, някепскі Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Патрэбны кантроль грамадскіх арганізацыяў. Не хочаце пускаць туды грамадскія арганізацыі – пусціце туды маці. Як толькі адміністрацыя калоніі будзе ведаць, што над імі ёсць кантрольны орган, які можа даць сваю выснову пра нейкія парушэнні – усё, гэтых парушэнняў не будзе. Але да таго часу, пакуль мы туды не трапім, а пракуратура будзе прыкрываць нейкімі паперкамі ды адпіскамі сваю бяздзейнасць, мы будзем заставацца ў стадыі першабытнага ладу, калі чалавечае жыццё, лёс нічога ўвогуле не значаць”, – падкрэсліў Андрэй Бандарэнка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства