Мінюст Літвы: Беларусь злоўжыла механізмам прававой дапамогі
У справе аб рахунках беларускіх праваабаронцаў Беларусь злоўжыла механізмам прававой дапамогі, заявіў БелаПАН намеснік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус.
"Пазіцыя Міністэрства юстыцыі Літвы і літоўскай дзяржавы такая: мы лічым непрымальным тое, што механізм прававой дапамогі паводле дагавора паміж Літвой і Беларуссю быў выкарыстаны ў пазаправавых, палітычных мэтах", — падкрэсліў Вайткявічус.
Паводле яго слоў, прававое супрацоўніцтва паміж Літвой і Беларуссю мае важнае значэнне для грамадзян абедзвюх краін, дапамагаючы вырашаць "пытанні наконт злачынстваў, прадугледжаных нашымі крымінальнымі кодэксамі". Літоўскі бок штогод атрымлівае з Беларусі ў сярэднім 500 просьбаў аб прававой дапамозе і, у сваю чаргу, накіроўвае ёй прыкладна 300—400 просьбаў, паведаміў намеснік міністра юстыцыі.
"Дагэтуль мы былі задаволены тым, як ажыццяўлялася супрацоўніцтва паміж Літвой і Беларуссю", — адзначыў ён. Вайткявічус выказаў шкадаванне, што інструмент прававой дапамогі быў раскрытыкаваны ў сувязі з сітуацыяй вакол беларускіх праваабаронцаў.
Ён заявіў, што гэты механізм будзе прыпынены. "Пакуль мы не будзем упэўнены, што ён не будзе выкарыстаны ў непрымальных паводле дагавора мэтах, мы не будзем згодна з гэтым механізмам працаваць", — сказаў намеснік міністра юстыцыі Літвы.
4 жніўня ў Мінску супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі на трое сутак віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага. Ён падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Максімальнае пакаранне згодна з гэтым артыкулам КК — пазбаўленне волі на сем гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Як паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе праваабаронца Валянцін Стэфановіч, у канцы чэрвеня падатковая інспекцыя падала Бяляцкаму акт праверкі са звесткамі аб сродках, што паступілі ад замежных арганізацый на яго рахунак у літоўскім банку Nord. Падатковыя інспектары палічылі гэтыя сродкі ўтоеным даходам. У пачатку ліпеня такі ж акт, але са звесткамі па літоўскім банку SEB, быў пададзены самому Стэфановічу. Аднак сума, выяўленая на рахунку Стэфановіча, не такая значная, каб у дачыненні да яго можна было распачаць крымінальную справу.
"Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, — заявіў Стэфановіч. — Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці даходу". Ён падкрэсліў, што беларускія праваабаронцы за гады сваёй дзейнасці падтрымалі тысячы грамадзян, чые правы былі парушаны.