Дакладчык ПАСЕ заклікае гарантаваць недатыкальнасць Алесю Бяляцкаму
Дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па Беларусі Андрэс Херкель заклікаў беларускія ўлады гарантаваць фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць кіраўніку закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесю Бяляцкаму і спыніць усе формы прыгнёту праваабаронцаў.
"Арышт спадара Бяляцкага — яшчэ адзін выпадак у мазаіцы пераследу і запалохвання грамадзянскай супольнасці. Надышоў час, каб злоўжыванне крымінальным правам у Беларусі было спыненае", — цытуе апублікаваную на сайце ПАСЕ заяву Херкеля БелаПАН.
Херкель адзначыў, што з 1996 года "Вясна" аказала юрыдычную дапамогу тысячам беларусаў, якія былі аштрафаваныя ці змешчаныя ў турму за крытыку аўтарытарнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго слоў, "Вясна" таксама актыўна паведамляла пра паліцэйскія рэпрэсіі падчас мірных дэманстрацый, якія адбыліся за прэзідэнцкімі выбарамі.
Паводле слоў дакладчыка, з красавіка 2011 года Бяляцкі быў "аб'ектам паклёпніцкай кампаніі, падчас якой яго выстаўлялі ворагам народа нумар адзін у Беларусі".
Нагадаем, 4 жніўня ў Мінску супрацоўнікамі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю быў затрыманы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Ён падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Праваабаронцу пагражае пазбаўленне волі тэрмінам на сем гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Бяляцкі ўтрымоўваецца ў СІЗА № 1 МУС па вуліцы Валадарскага.