viasna on patreon

Літоўскія дэпутаты прапануюць аператыўна расследаваць інцыдэнт з рахункамі беларускіх праваабаронцаў

2011 2011-08-09T18:15:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Літоўскія дэпутаты прапануюць стварыць міжведамасную рабочую групу для расследавання інцыдэнта з рахункамі беларускіх праваабаронцаў. Такая прапнова ўтрымліваецца ў рэзалюцыі, прынятай 9 жніўня ў Вільнюсе на пазачарговым пасяджэнні камітэта па міжнародных адносінах.

Напярэдадні пасяджэння старшыня камітэта Эмануэліс Зінгерыс заявіў: "Мы павінны абавязкова высветліць, хто зрабіў такі сорам Літве і перадаў рэжыму ў Беларусі інфармацыю аб дэмакратах гэтай краіны".

Пасля пасяджэння старшы дарадца Зінгерыса Рамунас Місюліс паведаміў БелаПАН: у рэзалюцыі выказана падтрымка беларускім дэмакратычным сілам. Інцыдэнт з банкаўскімі рахункамі не зменіць такую пазіцыю літоўскай дзяржавы, падкрэсліваецца ў дакуменце.

Паводле слоў Місюліса, камітэт па міжнародных адносінах лічыць неабходным правесці шырокае і аператыўнае расследаванне інцыдэнта з беларускімі праваабаронцамі спецыяльна створанай міжведамаснай рабочай групай. Парламентарыі прыйшлі да высновы, што гэты інцыдэнт з`яўляецца адзінкавым выпадкам, прычына якога — недастатковая каардынацыя дзеянняў розных ведамстваў Літвы, сказаў дарадца.

Чакаецца, што тэкст рэзалюцыі на рускай мове будзе апублікаваны 10 жніўня.

4 жніўня ў Мінску супрацоўнікамі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю быў затрыманы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Ён падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Праваабаронцу пагражае пазбаўленне волі тэрмінам на сем гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

5 жніўня стала вядома, што Мінюст Літвы ў рамках дзейнага з Беларуссю дагавора перадаў у Мінск звесткі аб рахунках 400 беларускіх грамадзян, у тым ліку Алеся Бяляцкага, што і стала падставай для яго арышту. "Мы не лічым, што парушылі заканадаўства, — заявіў на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе калега Бяляцкага Валянцін Стафановіч. — Гэтыя сродкі збіраліся не ў якасці даходу". За гады сваёй дзейнасці беларускія праваабаронцы падтрымалі тысячы грамадзян, чые правы былі парушаны, дадаў Стэфановіч.

Намеснік міністра юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус абвінаваціў афіцыйны Мінск у злоўжыванні механізмам прававой дапамогі і заявіў, што Літва прыпыняе дзеянне гэтага механізму.

У сваю чаргу МЗС Літвы заявіла, што ў чэрвені і ліпені былі арганізаваныя міжведамасныя нарады, на якіх яно рэкамендавала іншым ведамствам не падаваць Беларусі інфармацыю, якую можна выкарыстаць супраць апазіцыі. Выпадак з арыштам Бяляцкага — "папярэджанне аб тым, якія негатыўныя наступствы можа мець фармальнае рашэнне аб падаванні інфармацыі замежным дзяржавам, якое прымаецца без уліку палітычнай рэкамендацыі МЗС", заявіў кіраўнік літоўскага знешнепалітычнага ведамства Аўдронюс Ажубаліс.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ 8 жніўня назвала здарэнне "сумным адзінкавым інцыдэнтам" і заявіла, што "адказныя за падаванне Беларусі інфармацыі службовыя асобы Міністэрства юстыцыі не могуць застацца беспакаранымі".

9 жніўня партал Delfi паведаміў, што канчатковае рашэнне выдаць усе звесткі беларускіх апазіцыянераў афіцыйнаму Мінску прыняла і падпісала дырэктар дэпартамента міжнароднага права Міністэрства юстыцыі Аўшра Бернатэне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства