Адноўлена крымінальнае следства па справе супраць А. Лябедзькі
Лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі вінавацяць у арганізацыі мітынгу ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, а ад 1 жніўня ў следчым упраўленні сталічнай міліцыі прынятае рашэнне аднавіць расследаванне.
Пра гэта палітыку ў афіцыйным лісце паведаміў кіраўнік упраўлення Генадзь Казакевіч.
- Я атрымаў чарговы адказ па сваёй справе ад кіраўніка следчага ўпраўлення Казакевіча, у якім ён мяне праінфармавай, што папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе ўзноўлена 1 жніўня бягучага года. Улічваючы, што з гэтага адказу не выцякаюць матывы і якія чыннікі ўзнаўлення расследавання, я раблю выснову, што яны носяць палітычны, а не прававы характар.
Аднаўленне крымінальнага следства, па словах палітыка, можа сведчыць толькі пра адно – пра набліжэнне судовага разгляду крымінальнай справы супраць Анатоля Лябедзькі. Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі быў затрыманы 19 снежня мінулага года і амаль чатыры месяцы правёў у следчым ізалятары КДБ, пасля чаго было прынята рашэнне вызваліць палітыка пад падпіску пра нявыезд, аднак пашпарт і іншыя дакументы Лябедзьку так і не аддалі да цяперашняга часу.