На Віцебшчыне забараняюць пікеты за вызваленьне палітвязьняў
Адмовы з выканкамаў ідуць адна за адной: апошнюю атрымаў аршанскі актывіст Яўген Анішчанка. Колькі дзён таму акцыі ў падтрымку палітвязьняў былі забаронены ў Віцебску і Наваполацку.
Паводле актывіста камітэту па стварэньні партыі БХД Яўгена Анішчанкі,
адмова на правядзеньне пікету за вызваленьне палітвязьняў супярэчыць
зьместу папярэдняй размовы ў аршанскім гарвыканкаме.
Спадар Анішчанка меркаваў правесьці пікет 13 жніўня на адмыслова
вызначаным уладамі месцы – на пляцоўцы каля ўваходу ў гарадзкі дзіцячы
парк. У пісьмовай адмове гаворыцца, што ён ня мае дамоваў з мэдычнай
службай і міліцыяй. Аднак, кажа актывіст, калі ён прыносіў у гарвыканкам
заяўку на пікет, яму тлумачылі, што спачатку ён мусіць атрымаць дазвол
ад мясцовых уладаў, а потым ужо дамаўляцца наконт аховы правапарадку ды
мэдычнага абслугоўваньня на час масавага мерапрыемства .
Дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і службамі ЖКГ паспрабавалі
заключыць віцебскія актывісты Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў,
калі падавалі заяўку на правядзеньне мітынгу дзеля падтрымкі
палітвязьняў 4 ліпеня. Ні з адной з гэтых службаў дамовіцца не ўдалося.
У аддзеле ЖКГ Чыгуначнага раёну патлумачылі, што прыбіраюць пляцоўкі
толькі пасьля санкцыянаваных мерапрыемстваў, і ніякіх папярэдніх дамоваў
не заключаюць. У Чыгуначны аддзеле ўнутраных справаў заявілі, што ў
дзень меркаванага пікету ў іх ня будзе вольных супрацоўнікаў, каб
забясьпечыць правапарадак на мітынгу, бо ўсе яны будуць дзяжурыць у
месцах масавага адпачынку грамадзян, дзіцячых летніках і на праваслаўным
фэстывалі “Адыгітрыя”. Усе брыгады хуткай дапамогі таксама аказаліся
занятыя, у тым ліку на праваслаўным фэстывалі, а таксама на футбольных
спаборніцтвах.
У выніку праз адсутнасьць дамоваў мітынгу ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў віцебскія ўлады забаранілі.
Наваполацкі гарвыканкам адмовіў актывістам у правядзеньні пікету ў
падтрымку Мікіты Ліхавіда зь іншай прычыны. Актывісты зьбіраліся
правесьці яго 2 жніўня, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да лёсу
палітвязьня, актывіста руху “За свабоду”, які адбывае пакараньне ў
наваполацкай папраўчай калёніі № 10.
Імпрэза мела адбыцца на адмыслова вызначаным месцы – на плошчы каля
гарадзкога Палаца культуры. Але з гарвыканкаму заяўніку пікету
Ўладзімеру Кунцэвічу паведамілі, што рашэньнем ад 22 ліпеня 2011 году
плошча каля гарадзкога Палаца выключана з пераліку месцаў, дазволеных
для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Спадар Кунцэвіч зазначае, што заяўка ім была пададзены 18 ліпеня - за
два тыдні да імпрэзы. А зьмены ў ранейшае рашэньне чыноўнікі выканкаму
ўнесьлі якраз праз чатыры дні пасьля звароту актывістаў.