Рашэнне пра штраф праваабаронцы Святлане Рудкоўскай застаецца ў сіле
Праваабаронца Святлана Рудкоўская, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта з Гародні, зноў падвяргаецца адміністратыўнаму ціску. Пра гэта паведамляе “Гарадзенская вясна”.
Перагляд адміністратыўнай справы Святланы Рудкоўскай, заведзенай сёлета ў красавіку, адбыўся 1 жніўня без яе прысутнасці. Новае рашэнне, якое прымаў ужо намеснік начальніка Ленінскага РАУС Віталь Стасюкевіч, слова ў слова было скапіявана з ранейшага і Рудкоўскую зноў абавязваюць выплаціць штраф. Правабаронца 9 жніўня зноў абскардзіла гэтыя незаконныя з яе пункту гледжання пратакол і рашэнне начальніку Гарадзенскай абласной міліцыі.
Нагадаем, што ў красавіку бягучага году на Святлану Рудкоўскую без яе прысутнасці быў складзены пратакол пра адміністратыўнае правапарушэнне, яе вінавацілі ў прафесійных упушчэннях на пасадзе старшыні жыллёвага кааператыву. Начальнік Ленінскага РАУС Яўген Ярмантовіч, які, на думку праваабаронцы, сфабрыкаваў супраць яе гэтую справу, сваім рашэннем аштрафаваў Рудкоўскую на 4 базавыя велічыні.
Праваабаронца абскардзіла гэтае рашэнне, якое пазней было адменена і накіравана на новы разгляд.