Алег Гулак: "На жаль, суд не прыняў да ўвагі довады пра тое, што свабода асацыяцый з'яўляецца канстытуцыйным правам грамадзян"
Касацыйная скарга старшыні Праваабаронага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага на рашэньне суда Цэнтральнага раёну, які адмовіўся задаволіць скаргу праваабаронцы на папярэджаньне Генпракуратуры Беларусі, разглядалася ў яго адсутнасьць – сам Алесь у гэты час знаходзіцца пад вартай. Інтарэсы Алеся Бяляцкага прадстаўляў старшыня БХК Алег Гулак.
Судовая калегія пад старшынствам суддзі І. Яблыкавай 11 жніўня адхіліла скаргу Бяляцкага на тых жа падставах, што і суд Цэнтральнага раёна Менска, які адбыўся 3 чэрвеня, спаслаўшыся на Закон аб грамадзкіх аб'яднаньнях, які забараняе дзейнічаць ад імя незарэгіставанай арганізацыі.
Каментуючы рашэньне калегіі Менгарсуда, Алег Гулак заявіў, што лічыць яго неправамоцным. “Гэтае рашэнне сурёзным чынам абмяжоўвае права на свабоду асацыяцый у Беларусі і пра гэта мы заяўлялі непасрэдна ў працэсе. На жаль, суд не прыняў да ўвагі нашы довады пра тое, што свабода асацыяцый з'яўляецца канстытуцыйным правам грамадзян. Між тым, у судзе першай інстанцыі нават прадстаўнік дзяржаўных органаў спасылаўся на ратыфікаваны нашай краінай Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а канкрэтна - на артыкул 22, якая выразна вызначае, у якіх выпадку дзейнасць аб'яднання можа быць прызнана незаконнай.
На маю думку, гэтая пастанова суда касацыйнай інстанцыі незаконная і з пункту гледжаньня прымяненьня права і з боку таго, што судом першай інстанцыі была парушаная працэдура разгляду. Справа ў тым што рашэнне суду грунтуецца на тым, што ў судзе Бяляцкі не даказаў, што ПЦ “Вясна не падпадае пад вызначэньне рэлігійнай арганізацыі, палітычнай партыі, фонду, альбо грамадскай арганізацыі. Але сёньня Мінскі гарадскі суд вызначыў, што любая арганізацыя, дзейнасць якой не падпадае пад нормы законаў Беларусі, можа быць забаронена”.
Цяжка спрагназаваць, ці змяніла б прысутнасць на працэсе Алеся Бяляцкага рашэньне суда, але ў любым выпадку ў яго было права прысутнічаць на гэтым працэсе.
Аднак, як паведаміў Алег Гулак, “складана зараз казаць пра тое, ці быў праваабаронца належным чынам праінфармаваны пра дату разгляду скаргі і ці меў ён магчымасьць падаць адпаведную заяву кіраўніцтву Менскага СІЗА. Бо калі Бяляцкі хацеў прысутнічаць на гэтым працэсе, а яму пры гэтым былі створаныя перашкоды, то гэта ёсьць парушэньне ягонага права на справядлівы суд.”
16 лютага 2011 года намначальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генаральнай пракуратуры Павел Елісееў папярэдзіў старшыню праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага аб тым, што дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі парушае дзеючае заканадаўства і пры наступным парушэнні можа быць разгледжанае пытанне аб прыцягненні яго да адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам Беларусі.