viasna on patreon

Біяграфія Алеся Бяляцкага

2011 2011-08-14T14:19:00+0300 2014-04-07T12:36:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki-2007.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH, кіраўнік ПЦ "Вясна"

Аляксандр (Алесь) Віктаравіч Бяляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 года ў мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёна Карэліі, куды ягоныя бацькі выехалі з Беларусі на заробкі. У 1964 годзе бацька Віктар Усцінавіч і маці Ніна Аляксандраўна вярнуліся ў Беларусь. Месцам жыхарства сям’я абрала малады горад Светлагорск.

У Светлагорску Алесь скончыў сярэднюю школу № 5.

У 1979 годзе паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту, дзе распачаў літаратузнаўчую і грамадскую дзейнасць. У 1984 атрымаў дыплом выкладчыка філалогіі. Перад паступленнем у аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі Навук БССР працаваў настаўнікам ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці.

У 1984 годзе Аляксандра Бяляцкага прызвалі ў Савецкую Армію. Служыў пад Свярдлоўскам, механікам-вадзіцелем браніраванага цягача у артылерыйскім знішчальным супрацьтанкавым батальёне.

Пасля вяртання з войска працягваў вучобу ў аспірантуры, займаўся навуковай, літаратурнай і грамадскай дзейнасцю. У 1986 годзе Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», потым быў абраны старшынёй гэтай арганізацыі (1986-1989).

У 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралог Беларусі», быў сябрам Арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронта «Адраджэньне», сакратар Управы (1996-1999), намеснік старшыні (1999-2001) БНФ "Адраджэньне", з’яўляўся заяўляльнікам адной з першых масавых акцый “Дзяды”. У 1990 годзе выступіў адным з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады.

Аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі Навук БССР  скончыў вясной 1989 года, ад абароны кандыдацкай дысертацыі адмовіўся. На яе аснове ў 1991 годзе выдаў кнігу- манаграфію “Літаратура і нацыя”.

Непрацяглы час працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі беларускай літаратуры. У выніку конкурсу ў 1989 годзе быў абраны дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. На гэтай пасадзе працаваў да 1998 года. Пад яго кіраўніцтвам была адчыненая экспазіцыя літаратурнага музея і трох яго філіялаў.

У 1991-1995 гадах Бяляцкі з’яўляўся дэпутатам Менскага гарадскога савету.

У 2000-2004 гадах - старшыня Рабочай групы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі. З 2004 - па сёньняшні час - намеснік старшыні Рабочай групы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі.

Жанаты, мае сына.

Алесь Бяляцкі з’яўляецца дзейным сябрам творчых саюзаў: Саюз беларускіх пісьменнікаў (1995), Беларускі Пэн-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У 2006 годзе выдаў кнігу нарысаў і эсэ “Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера”.

З 1996 з’яўляеца старшынёй Праваабарончага цэнтру «Вясна». У 2003 праваабарончы цэнтр “Вясна” быў пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі рашэннем Вярхоўнага Суда. У 2007 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў ліквідацыю праваабарончага цэнтра “Вясна” парушэннем свабоды асацыяцыі сяброў арганізацыі і рэкамендаваў узнавіць у правах Алеся Бяляцкага і яго калег. У 2007 і двойчы ў 2009 годзе былі прадпрынятыя беспаспяховыя спробы рэгістрацыі арганізацыі ў Міністэрстве юстыцыі.

Партнёрамі “Вясны” сёння  з’яўляюцца больш за 15 міжнародных і замежных  праваабарончых арганізацый, а сам праваабарончы цэнтр прыняты сябрам у дзва міжнародныя аб’яднанні:  “Міжнародная федэрацыя правоў чалавека” (The International Federation for Human Rights – FIDH) , “Еўрапейская сетка арганізацыі па назіранню за выбарамі” (ENEMO). У 2007 годзе Алесь Бяляцкі быў абраны віцэ-прэзідэнтам FIDH.

Алесь Бяляцкі двойчы вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра: у 2006 і 2007 гадах.

Мужная і паслядоўная пазіцыя Алеся Бяляцкага па адстойванню правоў чалавека ў Беларусі і ва ўсім свеце адзначалася многімі міжнароднымі ўзнагародамі. У 2006 годзе ён быў узнагароджаны Шведскай прэміяй імя Пера Ангера, Прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава (Нарвежскі Хельсінскі камітэт), Прэміяй Homo Homini арганізацыі People in Need (“Чалавек у бядзе”).

Муніцыпалітэт горада Генуя (Італія) ў 2010 годзе надаў Алеся Бяляцкаму званне “ганаровы грамадзянін Генуі”. У 2011 годзе - ганаровы грамадзянін Парыжу.

У 2011 годзе ПЦ "Вясна" пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага ўганараваны Прэміяй Свабоды Атлантычнай Рады ЗША.

У 2014 годзе стаў лаўрэатам узнагароды Civil Rights Defenders “Абаронца Грамадзянскіх Правоў Года”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства