Шведскі еўрадэпутат Оле Шмідт патрабуе вызвалення Алеся Бяляцкага
Дэпутат Еўрапейскага Парламента Оле Шмідт звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі з адкрытым лістом, патрабуючы неадкладнага вызвалення старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага.
“Пад час сваёй працы ў якасці старшыні Праваабарончага Цэнтра “Вясна” сп. Бяляцкі аказваў важную дапамогу беларускаму народу. Ягоная праца жыццёва неабходная. Нягледзячы на гэта, ён, як і “Вясна” у цэлым, сталі ахвярамі палітычнага пераследу з боку беларускага рэжыму. Таму ўдвая трывожна, што сп. Бяляцкі як вядомы прадстаўнік актывістаў, якія змагаюцца за свабоду і правы чалавека ў Беларусі, сёння апынуўся пад пагрозай працяглага турэмнага зняволення на падставе ілжывых і палітычна матываваных прычынаў. Сп. Бяляцкага трэба разглядаць як вязня сумлення” – піша ў сваім звароце прадстаўнік Шведскай ліберальнай партыі.
“Я настойліва прашу Вас неадкладна вызваліць сп. Бяляцкага і зняць усе перашкоды на свабоду ягонага перасоўвання, а таксама вызваліць сп. Бяляцкага ад усіх абвінавачванняў, высунутых супраць яго” – звяртаецца сп. Шмідт да кіраўніцтва Генеральнай пракуратуры Беларусі.