У Бярозе забаранілі пікет у падтрымку Бяляцкага
Бярозаўскім праваабаронцам адмоўлена ў правядзенні пікету 24 жніўня у абарону Алеся Бяляцкага і іншых зняволеных. Пікет праваабаронцы замаўлялі ў дазволеным уладамі месцы.
Прычына адмовы – адсутнасць дамоў са службамі міліцыі, бальніцы і камунальшчыкаў.
Адзін з заяўляльнікаў пікету Сяржук Русецкі лічыць адмову ў пікеце надуманай, паколькі якраз мясцоваму выканаўчаму органу было ў заяве зададзена пытанне аб парадку заключэння дамоў, каб усё зрабіць згодна з рашэннем райвыканкама. На дадзенае пытанне райвыканкам не адказаў, парушыўшы пры гэтым закон аб масавых мерапрыемствах. Адказ заяўнікам быў дасланы са спазненнем – перад самым мерапрыемствам, хаця па закону павінны былі даслаць за 5 дзён перад датай правядзення меркаванага мерапрыемства.
Праваабаронцы вырашылі скарыстацца парадай намесніка старшыні Бярозаўскага райвыканкама Яўгена Тарасюка – звярнуцца ў Берасцейскі аблвыканкам, каб абскардзіць адмову.
Бяроза стала 18-м горадам Беларусі, улады якога адмовілі ў правядзенні пікета ў падтрымку Алеся Бяляцкага.