Уладзімір Лабковіч: сябраў Партыі БНФ перасьледуюць па палітычных матывах
Сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч лічыць, што ўзбуджэньне крымінальнай справы ў дачыненьні сябраў Партыі БНФ Алеся Каліты, Сяржука Семянюка і Максіма Губарэвіча “безумоўна, трэба разглядаць, як палітычны перасьлед”.
“Зараз адбываецца спроба на пустым месцы сфальсіфікаваць крымінальную справу. Шматлікія відавочцы кажуць аб тым, што паводзіны так званага пацярпелага былі правакацыйныя. Ён спрабаваў узчыніць бойку з усімі, хто ўваходзіў у памяшканьне офісу Партыі БНФ, нават з жанчынамі, людзьмі сталага веку, свае дзеяньні аздабляў нецэнзурнай лаянкай. Таксама ён казаў, што ў яго ўсё “схвачено” з міліцыяй, і ён ведае, што ён робіць”,- адзначае праваабаронца.
“Я вельмі спадзяюся, што ў тых, хто прыдумаў гэтую правакацыю, хопіць здаровага сэнсу і розуму яе як мага хутчэй спыніць і не даваць гэтай справе разгарнуцца. Бо інакш гэта будзе сьведчыць, што ўжо не ствараецца нейкая прававая афарбоўка дзеля ўжываньня рэпрэсій, а ўлада пераходзіць да наўпроставых фальсіфікацый крымінальных справаў”,- заявіў Уладзімір Лабковіч.
Алеся Каліту, Сяржука Семянюка і Максіма Губарэвіча вінавацяць у хуліганстве. Ім пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Цьвердзіцца, што актывісты нібыта нанесьлі пабоі Алегу Гордысу – ахоўніку офіснага цэнтру, у які нядаўна пераехала Партыя БНФ. Абвінавачаныя заяўляюць аб правакацыях з боку ўладаў і параўноўваюць заведзеную крымінальную справу са справай Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава.
Інцыдэнт з удзелам прадстаўнікоў партыі БНФ і Алегам Гордысам адбыўся 13 жніўня каля 10 гадзінаў. У інтэрвью Радыё “Свабода” Алесь Каліта так апісаў падзеі таго дня:
«Ахоўнік быў нападпітку, чапляўся да нас, абражаў, парваў на мне кашулю. Мы не пісалі на яго заяву, я адмовіўся пісаць, бо стары чалавек, невядома, што там зь ім... А ён паступіў такім чынам, што падаў заяву. Пакуль цяжка прадбачыць, што ён будзе казаць далей, але збольшага, зыходзячы са зьяўленьня ягонай заявы і з таго, што, як высьветлілася, ужо і нейкая жанчына ёсьць у пацярпелых, гэта відавочна палітычна матываваная справа. Рэжым спрабуе пазбавіць партыю БНФ актыўных фронтаўцаў».
Пасьля інцыдэнту была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт.339 (Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў). Падазраваных актывістаў выклікалі на допыт: Алеся Каліту і Сяржука Семянюка – на 25 жніўня, Максіма Губарэвіча – на 26 жніўня.
Адміністратар будынка па адрасе вуліца Крапоткіна 93А Анжэла Прохарчык, якая нібыта фігуруе ў справе як пацярпелая, у інтэрв’ю Радыё “Рацыя” 25 жніўня заявіла, што ніякіх прэтэнзіяў да хлопцаў не мае і пазоў у міліцыю яна і яе калега не пісалі.
“Да мяне Сяргей сёння падыходзіў, я пісала тлумачальную, што адбылося на маім працоўным месцы 13 жніўня з 10-й да 11-й. Я ніякіх заяваў у міліцыю не пісала, наш ахоўнік таксама не пісаў, прэтэнзій ніякіх не маем, міліцыю мы не выклікалі, у БНФ міліцыю таксама не выклікалі. Мы ідзём проста як сведкі”,- сказала Анжэла Прохарчык.
У інтэрвью “Еўрапейскаму радыё” Сяржук Семянюк адзначыў, што допыт быў дастаткова кароткі. “Мы, параіўшыся з адвакатамі, выбралі такую тактыку, што вырашалі на пытаньні сьледства не даваць ніякіх адказаў, паколькі мы не верым, што гэтая справа аб’ектыўная. Мы лічым гэтую справу палітычна матываванай, сфальсіфікаванай і, адпаведна, не бачым сэнсу тлумачыць сьледству, што і як адбылося. Але мы адразу заяўляем, што мы ўсе свае довады, усе свае доказы нашай невінаватасьці будзем распавядаць перад судом, які, я спадзяюся, будзе адкрытым, і мы здолеем даказаць, што мы невінаватыя”,- сказаў актывіст Партыі БНФ.
У размове з Радыё “Рацыя” Максім Губарэвіч адзначыў, што пойдзе на допыт толькі тады, калі атрымае афіцыйнае паведамленне ў пісьмовай форме, і ўжо пачаў кансультаццыі з адвакатам, паколькі ўжо бачна, што “тут "шыюць" чарговую крымінальную справу па палітычных матывах”.