Пяцёх маладых людзей, якія галадаюць у Салігорску, наведалі лекары
Візіт медыкаў стаўся вынікам звароту кіраўніка салігорскага прадстаўніцтва БХК Леаніда Мархоткі да глаўурача ГУ "Салігорскае РТМО" Александра Лапусты, у якім ён прасіў арганізаваць медыцынскі нагляд за станам здароўя ўдзельнікаў галадоўкі, у прыватнасьці, забясьпечыць дзяжурства медыкаў у кватэры, дзе яны знаходзяцца, "бо існуе рэальная пагроза іхнаму жыцьцю і здароўю".
Мэдыкі пракантралявалі стан здароўя ўдзельнікаў акцыі, і паведамілі, што ад 1 чэрвеня будуць штодня ладзіць візыты два разы на дзень ранкам і вечарам.
Галадоўнікі патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед сваіх сяброў з незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт", а таксама аднаўленьня на вучобе ў Салігорскім ПТВ-72 Максіма Сяменчыка, які адседзіў 10 сутак за ўдзел у намётавым лягеры.
Сёньня Максім Сяменчык атрымаў паведамленьне з навучальнай установы пра тое, што можа забраць свае дакумэнты. Бацькі галадоўнікаў заклікаюць сваіх дзяцей спыніць акцыю, каб не ствараць пагрозы для здароўя.