Ператрус у кватэры актывіста БНФ Алеся Каліты
Пра ператрус у кватэры Алеся Каліты паведаміў старшыня
партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Паводле зьвестак, раней Алеся Каліту дапыталі
ў райаддзеле міліцыі паводле справы аб зьбіцьці ахоўніка будынку, дзе
месьціцца офіс партыі БНФ.
Інцыдэнт адбыўся 13 жніўня. У зьбіцьці ахоўніка падазраюць Алеся
Каліту, Максіма Губарэвіча і Сяргея Семянюка. Допыты падазроных мусілі
прайсьці ў канцы жніўня, але былі адкладзеныя.
Падазроныя кажуць пра сваю невінаватасьць. Паводле актывістаў партыі БНФ,
ахоўнік Алег Гордыс быў нападпітку і сам прычапіўся да Алеся Каліты,
пачаў яго зьневажаць.«Мы яго супакоілі, і ён зьехаў у таксі,
якое яму выклікалі», — згадвае Сяргей Семянюк.
«Гэта яўна справа з палітычным падтэкстам. Чамусьці адразу пасьля
інцыдэнту прыехала міліцыя, хаця яе ніхто не выклікаў. Я заявіў,
што ня маю прэтэнзій да гэтага чалавека, які мне пагражаў,
бо ўсё ж гэта чалавек ва ўзросьце... Але чаму тады ўзьнікла
справа? Магчыма, рэжым спрабуе пазбавіць партыю БНФ актыўных
фронтаўцаў», — камэнтаваў справу Алесь Каліта.
Сяргей Семянюк перакананы, што гэта правакацыя, такая ж, якая была
арганізаваная супраць Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якіх засудзілі да 2 і
4 гадоў турмы нібыта за зьбіцьцё невядомых.