Паручальнікам за Алеся Бяляцкага прыходзяць стандартныя адпіскі
Тацьцяна Севярынец, маці палітвязьня Паўла Севярынца, атрымала адмову на сваё хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня старшыню Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму. Такія ж адмовы атрымліваюць дзесяткі іншых грамадзянаў, якія падпісалі паручальніцтва за арыштаванага праваабаронцу.
У тэкстах пастановаў аб адмове, якія прыходзяць паручальнікам, сьледчая упраўленьня Дэпартаменту фінансавых рассьледваньняў Камітэту дзяржкантролю па Мінскай вобласьці і гораду Мінску Касынкіна адзначае, што хадайніцтва не падлягае задавальненьню “на падставе таго, што 05.08.2011 у адносінах Бяляцкага А. В. абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, падставаў для зьмены дадзенай меры стрыманьня няма”.
Як паведамляе Радыё Свабода, адмовы прыходзяць дзесяткам актывістаў зь Віцебшчыны. Таксама сьледства не задаволіла хадайніцтва ваўкавыскага актывіста Віталя Гуляка.