Праваабаронцы дамагаюцца неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі
З гэтай мэтай Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) праводзіць шэраг сустрэчаў у еўрапейскіх і міжнародных структурах.
12 верасня 2011 г. у Брусэлі намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч сустракаўся са старшынём офіса па правах чалавека Еўрапейскага парламенту Джэфры Харысам (Head of the Human Rights Geoffrey Harris). У сустрэчы таксама прымала ўдзел кіраўніца аддзелу Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Саша Кулаева.
Гэта першая з шэрагу сустрэчаў, запланаваных FIDH у межах мерапрыемстваў, скіраваных на вызваленне палітычных вязняў Беларусі, у тым ліку і віцэ-прэзідэнта FIDH, кіраўніка Правабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага.
13 верасня ў 10:30 у Міжнародным прэс-цэнтры пачалася адмысловая прэс-канферэнцыя, арганізаваная высілкамі вядучых міжнародных праваабарончых арганізацыяў: FIDH, Абсерваторыяй па абароне праваабаронцаў (OBS), Міжнароднага супрацоўніцтва за правы чалавека (IPHR) і Міжнароднай амністыі, а таксама Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Падчас прэс-канферэнцыі будзе прадэманстраваны дакументальны фільм аб падзеях 19-га снежня і непасрэдна пасля іх, які быў зняты падчас працы місіі FIDH у Беларусі.
Пасля прэс-канферэнцыі запланаваны працяг сустрэчаў, у тым ліку з нацыянальнымі дэлегацыямі Еўрапейскага парламенту.
15 верасня ў Страсбургу Валянцін Стэфановіч прыме ўдзел у сустрэчы з Еўракамісарам па правах чалавека сп. Хамамбергам. Менавіта 15 верасня плануецца прыняццё адмысловай рэзалюцыі Еўрапарламенту па сітуацыі ў Беларусі.
20 верасня ў Женеве адбудзецца брыфінг па сітуацыі ў Беларусі арганізаваны FIDН з удзелам Валянціна Стэфановіча. Акрамя таго намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” мае намер выступіць на сесіі Рады па правах чалавека ААН. Нагадаем, што 20 верасня ў Радзе па правах чалавека адбудуцца слуханні па сітуацыі ў Беларусі.
Як адзначыў Валянцін Стэфановіч, мэтай дадзеных мерапрыемстваў з’яўляецца прыцягненне ўвагі міжнароднай супольнасці да сітуацыі ў Беларусі і патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў, якія дагэтуль знаходзяцца ў беларускіх турмах. Асабліва важна, адзначыў праваабаронца, данесці да краінаў ЕС інфармацыю пра тое, што адбываецца з вязнямі, пра той ціск, які на іх аказваецца з боку адміністрацыяў турмаў.