viasna on patreon

Ліквідацыя, арышты, суды і выгнанне. Праз 27 гадоў рэпрэсій "Вясна" працягвае сваю дзейнасць

2023 2023-04-26T10:10:00+0300 2023-05-02T18:09:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_za_kratami.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч

Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Уладзімір Лабковіч

Ад моманту свайго стварэння ў 1996 годзе праваабарончая арганізацыя “Вясна 96”, а затым і праваабарончы цэнтр “Вясна”, метадычна і бязлітасна пераследваліся беларускімі ўладамі за сваю легітымную дзейнасць. Праз крымінальны пераслед, затрыманні, збіццё, ператрусы, арышты і штрафы, блакаванне інфармацыйных рэсурсаў, запалохванні неаднаразова прайшлі многія сябры арганізацыі. Поўны пералік фактаў пераследу заняў бы не адну сотню старонак. Аднак найбольш часта “маланка праўладнага гневу” трапляла ў найвышэйшыя кропкі арганізацыі – яе кіраўніка Алеся Бяляцкага, сябраў рады арганізацыі і кіраўнікоў рэгіянальных філій. Прыводзім хроніку пераследу праваабаронцаў "Вясны" за 27 гадоў дзейнасці арганізацыі.

26 красавіка 1996 г. Створана праваабарончая арганізацыя “Вясна-96”.

23 лютага 1997 г. “Вясна-96” была афіцыйна зарэгістраваная як Мінскі праваабарончы цэнтр “Вясна-96”.

У 1998 годзе “Вясна-96” ліквідаваная рашэннем Упраўлення юстыцыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

9 лістапада 1998 г. Cуд Партызанскага раёна Мінска вынес папярэджанне старшыні Праваабрончага цэнтру "Вясна-96" Алесю Бяляцкаму за тое, што ён прысутнічаў на акцыі 5 лістапада, арганізаванай Свабодным прафсаюзам (СПБ) у якасці назіральніка.

15 чэрвеня 1999 г. Зарэгістраванае Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

4 кастрычніка 1999 г. У кватэру на вул. Кісялёва, дзе месціўся Праваабарончы Цэнтр "Вясна", уварваліся супрацоўнікі Цэнтральнага РУУСу г. Мінска і людзі ў цывільным. "Агляд" кватэры з элементамі вобыску доўжыўся з 18 да 22 гадзінаў. У выніку "агляду" былі канфіскаваныя два кампутары, два прынтары, сканер, ксеракс, мадэм і ўсе асобнікі бюлетэняў "Права на волю" на трох мовах.

8 лістапада 1999 г. Каля 16-ай гадзіны ў Цэнтральным РУУСе г. Мінску быў затрыманы старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" — Алесь Бяляцкі. Ён разам з супрацоўнікамі Цэнтру прыехаў сюды дзеля таго, каб забраць уласны кампутар, які быў канфіскаваны разам з іншай аргтэхнікай падчас гвалтоўнага вобыску 4 кастрычніка гэтага году. Алесь Бяляцкі быў затрыманы і адвезены ў Савецкі РУУС. Ягонае затрыманне дзяжурны матываваў тым, што ён быў адным з заяўляльнікаў акцыі 17 кастрычніка – "Марш Свабоды" і што ён абвінавачваецца ў парушэнні ч. 2 арт. 167-1 КаАП РБ (арганізацыя несанкцыянаванага шэсця). Пратрымаўшы ў РУУСе больш за 3 гадзіны, Бяляцкага адвезлі ў спецпрыёмнік-размеркавальнік.

12 лістапада 1999 г. У суд Цэнтральнага раёну г. Мінску ў якасці "парушальніка" быў выкліканы старшыня праваабарончага Цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі. Яму было прад’яўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 172 КаАП — "незаконны выраб і распаўсюджванне друкаванай прадукцыі. На судзе А. Бяляцкі здолеў давесці, што ў пратаколе канфіскацыі, складзеным 4 кастрычніка пасля вобыску ў офісе "Вясны", не была ўказаная колькасьць канфіскаваных бюлетэняў, што сам пратакол з указаннем колькасці быў складзены толькі ў РУУСе Цэнтральнага раёну. У выніку суд быў адкладзены.

26 лістапада 1999 г. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска разгледжаная адміністратыўная справа, якая была ўзбуджаная пракуратурай Цэнтральнага раёна г. Мінска згодна з прадастаўленымі ў суд пратаколамі. Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, які адначасова з'яўляўся галоўным рэдактарам праваабарончага бюлетэню "Права на волю", абвінавачваўся ў парушэнні ч.8 арт.172-1 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі — сродку масавай інфармацыі). Бяляцкі пакараны штрафам у памеры 10 мінімальных заробкаў.

10 снежня 1999 г. Алесь Бяляцкі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, прысвечанай гадавіне прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, быў арыштаваны на 15 сутак.

18 жніўня 2000 г. Атрымаў папярэджанне Праваабарончы цэнтр “Вясна”. У ім указана на наяўнасць недахопаў на бланку і пячаткі арганізацыі (прапушчанае двухкоссе, а на пячаткі слова “цэнтр” было напісана з вялікай літары).

26 кастрычнiка 2000 г. Мiнiстэрства юстыцыi Рэспублiкi Беларусь вынесла Радзе Грамадскага аб’яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна" другое пiсьмовае папярэджанне. Мiнiстэрства юстыцыi выявiла, што Праваабарончы цэнтр у сваім бюлетэні "Права на волю" выкарыстоўвае назву, якая не адпавядае назве ў выдадзеным Мiнюстам Беларусi пасведчаннi аб рэгiстрацыі: усюды ў назве Праваабарончага цэнтру “Вясна” трэба выкарыстоўваць словы "Грамадскае аб’яднанне".

10 снежня 2000 г. У 12 гадзінаў пры выхадзе са станцыі метро "Кастрычніцкая" была здейсненая спроба затрымання старшыні ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага.

27 снежня 2000 г. Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” атрымала паўторнае пісьмовае папярэджанне Міністэрства юстыцыі. У папярэджанні сказана, што ў адрас кіруючага органа Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26.10.2000 было вынесена пісьмовае папярэджанне. ГА ПЦ “Вясна” сцвярджае, што адпаведнае рэагаванне на папярэджанне ад 26 кастрычніка было накіраванае ў Мінюст Беларусі ў належны тэрмін, але прычыну таго, чаму яно не было атрыманае Мінюстам, вытлумачыць немагчыма.

2 красавіка 2001 г. Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска на 10 сутак адміністратыўнага арышту. Ён быў затрыманы 25 сакавіка пасля заканчэння акцыі, прысвечанай Дню Волі, каля царквы Марыі-Магдалены, правёў ноч у спецразмеркавальніку на Акрэсціна. 26 сакавіка справу Алеся Бяляцкага разглядала суддзя Паўлючук па ч. 2 арт.167-1 КаАП РБ (арганізацыя несанкцыянаванага шэсця), але суд быў перанесены на 2 красавіка.

27 і 28 жніўня 2001 г. Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь Грамадскаму аб’яднанню “Праваабарончы цэнтр “Вясна” было вынесена адразу два пісьмовыя папярэджанні. Пры гэтым Міністэрства юстыцыі распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім сцвярджае, што ў дадзены момант вырашаецца пытанне пра ліквідацыю арганізацыі. Міністэрства юстыцыі абвінавачвае ГА ПЦ “Вясна” ў тым, што Цэнтрам выдадзены спецвыпуск бюлетэню “Права на волю” накладам больш чым 299 асобнікаў, а таксама, што не былі перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі спісы вылучаных ад Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” назіральнікаў, а значыць, былі “парушаныя патрабаванні адмысловай інструкцыі па справаводству".

1 верасня 2001 г. Быў затрыманы старшыня рады Грамадскага аб’яднання Праваабарончы цэнтр “Вясна” Алесь Бяляцкі. Прычына затрымання – праверка дакументаў і высвятленне асобы. Алесь Бяляцкі быў пратрыманы ў РУУС Савецкага раёну да 19 гадзінаў і адпушчаны.

28 сакавіка 2002 г. Трое сутак быў заблакаваны інтэрнэт-сайт ГА "Праваабарончы цэнтр "Вясна". Перад парушэннем працы на сайце быў змешчаны поўны тэкст выступлення адваката Сяргея Цурко на судзе па справе былога афіцэра спецпадраздзялення МУС "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча і іншых асоб, абвінавачаных у выкраданні аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага.

13 красавіка 2002 г. Па дарозе ў г. Касцюковічы (Магілёўская вобласць) былі затрыманыя старшыня ГА Праваабарончы цэнтр "Вясна" Алесь Бяляцкі і сябра арганізацыі Сяргей Залеўскі, якія накіроўваліся ў Касцюковічы, каб наведаць там мясцовых актывістаў "Вясны". У машыне супрацоўнікі міліцыі знайшлі праваабарончыя бюлетэні "Права на волю". У РАУСе іх пратрымалі каля гадзіны.

У ліпені 2003 г. Пачата пятая праверка дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна". Чатыры папярэднія праверкі тычыліся абласных аддзяленняў грамадскага аб'яднання – Віцебскага, Брэсцкага, Гомельскага і Мінскага абласнога. Праверкі дзейнасці абласных аддзяленняў пачаліся адразу пасля выбараў у мясцовыя Саветы. Цяпер Міністэрствам юстыцыі арганізавана поўная праверка статутнай дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна".

2 верасня 2003 г. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь падала іскавую заяву ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі Грамадскага аб'яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна". У сваім пазове Міністэрства юстыцыі абвінавачвае аб'яднанне ў парушэннях, якія, безумоўна, нельга лічыць дастатковымі для ліквідацыі.

21 кастрычніка 2003 г. У Вярхоўным судзе павінен быў пачацца судовы працэс па справе аб ліквідацыі Грамадскага аб'яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна", ініцыяваны Міністэрствам юстыцыі. Каля 10 гадзін, калі ў судзе ўжо праходзіла рэгістрацыя прысутных, з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і аб'явілі, што атрымалі інфармацыю пра тое, што будынак Вярхоўнага суда замінаваны. 

28 кастрычніка 2003 г. Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна". Падставай для закрыцця стала папярэджанне Мінюста аб парушэнні праваабаронцамі выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. У знак пратэсту і нязгоды з судовым рашэннем Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Алег Жлутка, Уладзімір Вялічкін, Мікола Лемяноўскі, Зміцер Салаўёў і Аляксей Колчын селі на падлогу ў судовай залі і пачалі скандаваць "Ганьба!". Акцыя пратэсту працягвалася да 17.30. Калі сцямнела, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным заламалі рукі ўдзельнікам акцыі, вывелі іх праз унутраны дворык і даставілі ў Ленінскі РУУС Мінска, дзе былі складзеныя пратаколы па арт.166 Адміністрацыйнага кодэксу – "непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі". Праваабаронцам выпісалі позвы ў суд на 29 кастрычніка і адпусцілі каля 10 гадзін вечара дадому.

2003-likvidacyja-viasna.jpg
Пратэст праваабаронцаў у Вярхоўным судзе 28 кастрычніка 2003 г.

29 кастрычніка 2003 г. Суд Ленінскага раёна г. Мінска вынес рашэнні па справах удзельнікаў акцыі пратэсту ў Вярхоўным судзе, накіраванай супраць ліквідацыі "Праваабарончага цэнтра "Вясна": Валянцін Стэфановіч, Аляксей Колчын, Зміцер Салаўёў, Алег Жлутка, Уладзімір Вялічкін, Мікола Лемяноўскі, Алесь Бяляцкі аштрафаваныя па 5 базавых велічынь, Уладзімір Лабковіч – штраф 10 базавых велічынь.

25 сакавіка 2004 г. На пляцы Волі ў Мінску былі затрыманыя і збітыя Алесь Бяляцкі, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” і Валянцін Стэфановіч, юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” (быў затрыманы, калі кінуўся на дапамогу Бяляцкаму);

29 сакавіка 2004 г. Кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў выкліканы ў рэспубліканскую пракуратуру на “гутарку” да пракурора Новікава, які займаўся пытаннямі дзейнасці грамадзкіх арганізацый, палітычных партый, рэлігійных арганізацый, СМІ. Пракурор задаў некалькі пытанняў, датычных дзейнасці Бяляцкага ў няўрадавых арганізацыях – у якіх арганізацыях ён бярэ ўдзел, ці мае дачыненне да Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый і яе часопісу.

13 красавіка 2004 г. Праваабарончы цэнтр “Вясна” падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Скарга пададзеная ад імя старшыні Рады аб’яднання Алеся Бяляцкага і яшчэ 9 сябраў аб’яднання.

22 снежня 2004 г. Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну Менску затрымалі больш як 60 чалавек, якія мусілі ехаць ва Украіну як міжнародныя назіральнікі на прэзідэнцкія выбары. Сярод затрыманых – Алесь Бяляцкі і іншыя сябры ПЦ “Вясна”. Праз некалькі гадзін усіх вызвалілі.

17 красавіка 2005 г. Пракуратура Савецкага раёну Менску вынесла папярэджанне па арт. 400 Крымінальнага кодэкса – "заведама ілжывы данос" праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ў сувязі з ягоным каментаром падзеяў гвалтоўнага разгону мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка на сайце charter97.org. Такія ж папярэджанні былі вынесеныя пракуратурай праваабаронцам Уладзіміру Лабковічу і Людміле Гразновай.

10 снежня 2005 г. У гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека амапаўцы збілі і затрымалі ў Менску праваабаронцаў Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча.

2005-viasna-2.jpg
Затрыманне Алеся Бяляцкага ў Мінску 10 снежня 2005 г.

10 снежня 2006 г. У РУУС Цэнтральнага раёну Менску дастаўленыя ўдзельнікі акцыі салідарнасці з палітзняволеным Аляксандрам Казуліным, сярод якіх Бяляцкі Алесь і Стэфановіч Валянцін.

23 жніўня 2007 г. Адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадзкаму праваабарончаму аб’яднанню "Вясна". На працягу ўсяго часу праверкі дакументаў у Міністэрстве юстыцыі заснавальнікі ГПА "Вясна" звярталіся да прадстаўнікоў рэгіструючага органу з прапановай пазбегнуць непаразуменняў і канструктыўна выправіць усе недахопы ў выпадку іх выяўлення. Мінюст катэгарычна адмовіўся ад такога супрацоўніцтва. Гэта яскрава засведчыла пазіцыю дзяржаўнага органа, якая заключалася не ў аб’ектыўнай праверцы дакументаў, а ў вышукванні падставаў для адмовы ў рэгістрацыі.

26 кастрычніка 2007 г. Вярхоўны суд Беларусі адмовіў праваабаронцам у задавальненні скаргі на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА “Вясна”.

2007-viasna-1.jpg
Пасля рашэння Вярхоўнага суда аб адмове ў рэгістрацыі "Вясны" 26 кастрычніка 2007 года

Сакавік 2008 г. У спецыяльныя спісы памежнікаў былі ўключаныя праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Таццяна Рэвяка, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч. Пры кожным перасячэнні мяжы спецыяльнаму дагляду падвяргаліся іх рэчы, у адносінах да некаторых складаліся спецыяльныя акты аб правядзенні мытнага дагляду.

10 снежня 2008 г. У Менску пры раздачы Дэкларацый на праспекце Незалежнасці з ужываннем гвалту былі затрыманыя сябры ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Алег Мацкевіч, Марына Статкевіч, Валянцін Стэфановіч, Сяргей Сыс, Ірына Тоўсцік. Усе яны былі дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе іх пратрымалі каля дзьвюх гадзін, а затым выпусцілі, канфіскаваўшы тэксты Дэкларацый.

26 лютага 2009 г. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адмовіла ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання “Наша Вясна”. 22 красавіка Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь не задаволіў скаргу заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна”, пакінуўшы рашэнне Мінюста ад 26 лютага ў сіле. А 25 траўня Мінюст прыняло рашэнне аб паўторнай адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна”.

12 жніўня 2009 г. Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без задавальнення скаргу заснавальнікаў ГПА "Наша Вясна" на адмову Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання. 

24 сакавіка 2010 г. Праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі і Ірына Тоўсцік, а таксама журналіст Сяргей Сыс былі затрыманыя супрацоўнікамі АМАПу ля будынка адміністрацыі прэзыдэнта з расцяжкай “Не – смяротнаму пакаранню”, такім чынам выказаўшы свой пратэст на парушэнне Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў, выканаўшы смяротныя прысуды ў дачыненні да Васіля Юзэпчука і Андрэя Жука. Праваабаронцы былі дастаўленыя ў Ленінскі РУУС, дзе былі складзеныя пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння. Сыса адпусцілі. Ноч да суду праваабаронцы правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, што па вул. Акрэсціна. Пакараныя штрафам у памеры 0,5 базавых велічыняў.

20 снежня 2010 г. Супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным забралі з офісу ПЦ "Вясна" усе кампутары і іншую тэхніку. Былі затрыманыя праваабаронцы і назіральнікі Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Наста Лойка, Андрэй Палуда, Зміцер Салаўёў, Сяржук Сыс, Уладзімір Мікалаеў, Алег Жлутка, Канстанцін Старадубец, Віталь Чарняўскі. Іх даставілі ў Першамайскі РУУС сталіцы. Каля 6 раніцы ўсіх 10 затрыманых адпусцілі з Першамайскага РУУС пасля дачы тлумачэнняў без складання пратаколаў. Дапамогу ў гэтым аказалі прадстаўнікі АБСЕ. 

17 студзеня 2011 г. У офісе праваабарончага цэнтра "Вясна", а таксама на кватэры і лецішчы праваабаронцы Алеся Бяляцкага адбыліся ператрусы. Супрацоўнікі КДБ паказалі пастанову, падпісаную пракурорам Мінска. Следчыя дзеянні праводзіліся ў межах крымінальнай справы аб падзеях на плошчы 19 снежня.

viasna-peratrus-2011.jpg
Грамадская прыёмная "Вясны" пасля ператрусу ў 2011 годзе

16 лютага 2011 г. Старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесю Бяляцкаму вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона за подпісам намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь М.І. Кукліса. У папярэджанні сцвярджаецца, што дзеянні Бяляцкага ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Праваабаронца афіцыйна папярэджаны, што ў выпадку далейшай дзейнасці будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці.

4 жніўня 2011 г. Алеся Бяляцкага затрымалі на трое сутак па падазрэнні ў "здзяйсненні злачынства". Адбыліся ператрусы на офісе "Вясны", на кватэры ў праваабаронцы і на ягоным лецішчы. Алеся Бяляцкага павезлі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследванняў.

12 жніўня 2011 г. Алесю Бяляцкаму прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу – “утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”.

23 жніўня 2011 г. На Кастрычніцкай плошчы ў Мінску былі затрыманыя праваабаронцы Зміцер Салаўёў, Марына Статкевіч, Алег Мацкевіч, Алена Лапцёнак і некалькі актывістаў, якія зладзілі інфармацыйную акцыю, падчас якой заклікалі падпісаць паручальніцтва за Алеся Бяляцкага. Адпушчаныя пасля тлумачэнняў.

24 лістапада 2011 г. Суддзя Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка абвясціў прысуд віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесю Бяляцкаму: чатыры з паловай гады ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Маёмасць абвінавачанага, у тым ліку і зарэгістраваную на іншых асобаў, адабраць дзеля выкананння прысуду. Паводле рашэння суда, Бяляцкі мусіць сплаціць 721 мільёнаў рублёў стратаў і 36 мільёнаў дзяржаўнай пошліны.

24 студзеня 2012 г. Мінскі гарадскі суд прысуд пакінуў ў сіле і праваабаронцу этапавалі адбываць тэрмін у бабруйскую калонію № 2.

29 лютага 2012 г. Валянцін Стэфановіч атрымаў дзве пастановы аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці на падставе рашэння суда аб спагнанні падаходнага падатку, пені і дзяржаўнай мыты. У сямідзённы тэрмін ён павінен сплаціць 31 515 540 рублёў падаходнага падатку, 22 841 830 рублёў пені за невыкананне падаткавага абавязальніцтва, а таксама 2 717 870 рублёў дзяржаўнай мыты. Справа Валянціна Стэфановіча наўпрост звязана са справай асуджанага Алеся Бяляцкага і шырокім пераследам сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

28 сакавіка 2012 г. Генеральная пракуратура праінфармавала намесніка старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянціна Стэфановіча, якому быў абмежаваны выезд за межы Беларусі, пра перанакіраванне ягонай скаргі ў Міністэрства абароны. 12 красавіка ўслед за Генеральнай пракуратурай у Міністэрства абароны скаргу В. Стэфановіча перанакіравала ў Упраўленне унутраных спраў Партызанскага раёна. Падставаю для абмежавання выезду з краіны Стэфановіча стала нібыта ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на ваенную службу.

22 красавіка 2012 г. Гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч, якія вярталіся з Вільні дадому, былі затрыманы мытнікамі на памежным пераходзе "Прывалка". Адзін з мытнікаў убачыў у торбе праваабарончую літаратуру, пасля чаго аўтамабіль, на якім ехалі грамадскія актывісты, быў адагнаны ў адмысловае месца, а побач прыстаўлена памежніца з сабакам. Мытнікі правялі асабісты дагляд Сазонава і Хільмановіча. Быў складзены пратакол выняцця кніжак "Наша Вясна" і фотаальбомаў, прысвечаных палітвязням і падзеям Плошчы 19 снежня 2010 года.

17 жніўня 2012 г. Сябру Рады Праваабарончага цэнтра "Вясна" Таццяну Рэвяка выклікалі ў КДБ для апытання "ў якасці асобы, якая дасведчаная аб абставінах, якія маюць значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь". Апытанне праводзілі капітан Аляксандр Рубінаў і старэйшы оперупаўнаважаны Аляксандр Брэеў. Супрацоўнікаў КДБ цікавіла размешчаная на сайце spring96.org інфармацыя.

27 верасня 2012 г. Падатковая інспекцыя Савецкага раёна Гомеля запатрабавала ад гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці за апошнія пяць гадоў. Таксама дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці мусяць прадаставіць ягоная жонка і сын, які служыў на той час у войску.

6 кастрычніка 2012 г. На літоўска-беларускай мяжы на некалькі гадзін была затрымана праваабаронца Наста Лойка. Гэта здарылася, калі дзяўчына вярталася з Вільні рэйсавым аўтобусам праз памежны пераход "Каменны Лог".

26 лістапада 2012 г. Раніцай у памяшканне, дзе апошнія 12 гадоў месціўся офіс Праваабарончага цэнтра "Вясна", прыйшлі судовыя выканаўцы, міліцыянты, аператар у грамадзянскім, супрацоўнікі камунальных службаў і двое панятых. Судовыя выканаўцы апячаталі памяшканне арганізацыі.

18 снежня 2012 г. Праваабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч былі апытаныя ў аддзяленні міліцыі, а позна ўвечары 19 снежня на ўсіх траіх былі складзены пратаколы паводле артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Фармальнай падставай для ўзбуджэння гэтай справы стала размяшчэнне на сайце "Вясны" матэрыялу пра 10 снежня — Міжнародны Дзень правоў чалавека, калі гродзенскія праваабаронцы сфатаграфаваліся ў падтрымку зняволенага Алеся Бяляцкага.

5 студзеня 2013 г. У судзе Ленінскага раёна Гродна адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў гродзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча. 10 снежня 2012 года яны сфатаграфаваліся з партрэтамі зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. Гэта кваліфікавалі як "несанкцыянаваны пікет" і іх аштрафалі на 15 базавых велічыняў кожнага.

2 сакавіка 2013 г. Адбыўся несанкцыянаваны доступ да сайта магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтра "Вясна", у выніку якога невядомыя размясцілі тры правакацыйныя артыкулы, у тым ліку — публікацыю з пагрозамі ад імя праваабаронцы Барыса Бухеля незалежнаму журналісту Алесю Буракову. Невядомымі асобамі была ўзламаная бяспека сайта і заменены паролі доступу да панэлі адміністратара. Апроч таго, была знішчана праваабарончая інфармацыя за апошнія два гады.

25 красавіка 2013 г. Быў узламаны сайт Праваабарончага цэнтра "Вясна". Шляхам несанкцыянаванага доступу на сайце быў палярна зменены сэнс некаторых публікацый. Пры чым гэта было здзейснена адразу на трох мовах сайта: беларускай, рускай і англійскай.

26 красавіка 2013 г. Гродзенскага праваабаронцу і журналіста Уладзіміра Хільмановіча выклікалі ва Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці. Прадстаўнік КДБ растлумачыў прычыну выкліку наступным чынам: "у межах кампетэнцыі дзейнасці ўпраўлення КДБ". Уладзімір Хільмановіч атрымаў вуснае папярэджанне за асобныя артыкулы. КДБ лічыць, што некаторыя матэрыялы мяжуюць з дыскрэдытацыяй Беларусі.

5 жніўня 2013 г. Падчас раздачы паштовак з інфармацыяй пра зняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага ў Мінску былі затрыманы праваабаронцы Таццяна Рэвяка і Уладзімір Лабковіч. На іх склалі пратаколы паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў), а на наступны дзень іх аштрафавалі на 30 базавых велічыняў.

10 лютага 2014 г. У судзе Ашмянскага раёна была разгледжана грамадзянская справа праваабаронцы Таццяны Рэвяка супраць Ашмянскай мытнi, якая вынесла рашэнне аб рээкспарце ў Лiтоўскую Рэспублiку 40 асобнiкаў вынятых у яе на мяжы кнiг зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай". На другі дзень суд не задаволiў скаргу праваабаронцы, прызнаўшы правамоцнай забарону ўвозу выдання ў Беларусь.

24 лістапада 2015 г. У цэнтры Менска прайшоў несанкцыянаваны сход, арганізаваны апазіцыйным дзеячам Мікалаем Статкевічам. Акцыя была прымеркаваная да гадавіны рэферэндуму 1996 года. У дачыненні як мінімум 12 чалавек былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Сярод іх таксама апынуліся назіральнікі ад Праваабарончага цэнтра "Вясна" і РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Наталля Сацункевіч і Сяргей Каспяровіч.

18 студзеня 2016 г. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі атрымаў пастанову аддзела прымусовага выканання Партызанскага раёна Мінска аб тым, што на долю кватэры, у якой ён пражывае з сям'ёй, накладзены арышт. Толькі праз некалькі тыдняў высветлілася, што арышт накладзены памылкова.

27 траўня 2016 г. Абмежавалі доступ сайта spring96.org для асобаў, якія працуюць у дзяржаўных установах.

25 кастрычніка 2016 г. Кіраўнік магілёўскай філіі “Вясны” Аляксей Колчын атрымаў з падатковай інспекцыі па Ленінскаму раёну Магілёва апавяшчэнне з патрабаваннем у найкарацейшы тэрмін наведаць інспекцыю для дачы тлумачэнняў згодна з дэкрэтам "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Да 15 лістапада праваабаронца павінен будзе выплаціць падатак на “дармаедства” у памеры 360 рублёў, як грамадзянін, які "не фінансуе дзяржаўных расходаў”.

25 сакавіка 2017 г. У момант правядзення інструктажу валанцёраў, якія павінны былі ажыццяўляць назіранне за правядзеннем дэманстрацыі, анансаванай напярэдадні прадстаўнікамі апазыцыйных сілаў, адбыўся захоп офіса Праваабарончага цэнтра "Вясна". У выніку былі затрыманыя больш за 50 валанцёраў, журналістаў і прадстаўнікоў замежных і міжнародных арганізацый. Сярод затрыманых апынуліся: Алег Гулак (старшыня РПГА "БХК"), Раіса Міхайлоўская, Людміла Кучура, Зміцер Дрозд (Беларускі дакументацыйнага цэнтр), Алесь Бяляцкі, Наста Лойка, Ірына Смяян-Семянюк, Сяржук Семянюк, Марыя Шышчанкова (Front Line Defenders), Яўгенія Андрэюк ("Крым-SOS"). А. Лойка ў выніку незаконнага прымянення да яго фізічнай сілы супрацоўнікамі АМАП быщ шпіталізаваны з чэрапна-мазгавой траўмай. Пры гэтым збітаму супрацоўнікамі АМАП А. Лойку было пасля адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Як пазней стала вядома з чарговага адказу Следчага камітэта, атрыманага А. Лойкам, атака АМАП на офіс ПЦ "Вясна" і наступныя затрыманні ўсіх праваабаронцаў, якія знаходзіліся ў ім 25 сакавіка, былі ініцыяваныя органамі КДБ.

Усіх затрыманых у офісе "Вясны" адпусцілі

Затрымана каля 57 чалавек, у тым ліку міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі замежных СМІ і правабарончых арганізацый.

26 сакавіка 2017 г. Да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе былі прыцягнутыя пяцёра праваабаронцаў: Леанід Свецік, Канстанцін Мардзвінцаў (ПЦ "Вясна"), Павел Левінаў, Алесь Яўсеенка і Эдуард Баланчук (БХК). Па ілжывых сведчаннях супрацоўнікаў АМАП затрыманая і пакараная штрафам прэзідэнтка Дома правоў чалавека Таццяна Рэвяка.

25 сакавіка 2018 г. Пры ажыццяўленні назірання за правядзеннем несанкцыянаванага шэсця на пл. Якуба Коласа ў г. Мінску супрацоўнікамі АМАП былі затрыманыя сямёра назіральнікаў сумеснай службы назірання за масавымі мерапрыемствамі Праваабарончага цэнтру "Вясна" і РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт". Былі затрыманыя і дастаўленыя ў Савецкае РУУС г. Менска Максім Кавалёў, Таццяна Мастыкіна, Андрэй Крэчка, Ганна Саханкова і Наста Лойка, а Наста Васільчук была дастаўленая ў Першамайскае РУУС г. Мінска, адкуль была пазней вызвалена без складання якіх-небудзь пратаколаў. У дачыненні ж дастаўленых ў Савецкае РУУС шасці назіральнікаў былі складзеныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў), а ў дачыненні да назіральніцы Таццяны Мастыкінай яшчэ і па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі). Акрамя таго, у сувязі з абгрунтаваной адмовай Таццяны ад праходжання дактыласкапіі, супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да яе была ўжытая грубая фізічная сіла.

У Мінску затрыманая група назіральнікаў: цягаюць за валасы, складаюць пратаколы

Шэсць назіральнікаў ад РПАА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі: Максім Кавалёў, Таццяна Мастыкіна, Андрусь Крэчка, Ганна Саханкова, Наста Лойка.

15 верасня 2018 г. Праваабаронцы "Вясны" са Светлагорску Алене Маслюковай вынеслі пісьмовае пракурорскае папярэджанне, бо палічылі, што яна можа быць арганізатаркай несанкцыянаванага масавага мерапрыемства: у Светлагорску 15 верасня планавалася правесці мітынг супраць працы завода па вытворчасці беленай цэлюлозы, але ўлады на гэты дзень запланавалі іншае мерапрыемства. Аднак людзі ўсё роўна сабраліся на плошчы і правялі флэшмоб супраць выкідаў завода. 9 кастрычніка, праз тры судовыя пасяджэнні, Алену Маслюкову аштрафавалі на 25 базавых велічыняў (612,50 рублёў).

8 лістапада 2018 г. Сябар ПЦ "Вясна" Алесь Буракоў быў выкліканы на гутарку старэйшым лейтэнантам Кастрычніцкага РУУС г. Магілёва Паўлам Катом. Нагодай стала распачатая праверка ў рамках крымінальнага працэсу па арт. 193-1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадзкага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці), паколькі, на думку супрацоўніка міліцыі, Алесь Буракоў адмініструе сайт "Правы чалавека ў Магілёве", які адносіцца да ПЦ "Вясна", які ажыццяўляе сваю дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі.

23 лістапада 2018 г. Суд Свіслацкага раёна вынес пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) у выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь (367,5 руб.) сябра ПЦ "Вясна" з Гародні Віктара Сазонава. 27 кастрычніка ў Свіслачы традыцыйна сабраліся актывісты, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 года.

16 лютага 2019 г. У Берасці затрыманы праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін. Дадому да яго супрацоўнікі міліцыі прыйшлі 15 лютага, але праваабаронцы дома не было. Праваабаронцу затрымалі нібыта за ўдзел у пратэснай акцыі кармлення галубоў у Берасці. Пасля двух сутак у ІЧУ яго аштрафавалі на 15 базавых велічынь.

10 траўня 2020 г. На акцыі “кармлення галубоў" былі затрыманыя праваабаронцы Раман Кісляк і Уладзімір Вялічкін. Пра іх месцазнаходжанне не было дакладна вядома больш за суткі. У выніку суд пакараў Уладзіміра Вялічкіна па частцы 3 арт. 23.34 штрафам у 50 б.в. (1350 бел.руб). Яго зноў затрымалі.

15 траўня 2020 г. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра магілёўскага аддзялення "Вясны" Алеся Буракова (Сашу Райкана). Яго затрымалі на кватэры, дзе ён жыў. Супрацоўнікі міліцыі павезлі праваабаронцу ў Ленінскае РАУС Магілёва. Ён нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 траўня пад магілёўскім ІЧУ. Суд прысудзіў яму 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

17 чэрвеня 2020 г. Праваабаронцу “Вясны” са Светлагорску Алену Маслюкову пакаралі штрафам у 30 базавых велічынь (810 рублёў) па частцы 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

19 чэрвеня 2020 г. Праваабаронцу Сяржука Лацінскага затрымалі ў Бабруйску падчас “Ланцуга салідарнасці”. Затрымалі і яго жонку Алесю Лацінскую, журналістку bobr.by. 22 чэрвеня суд вынес рашэнне — асудзіць Сяржука Лацінскага паводле артыкула 23.34 КаАП на 10 сутак арышту.

29 ліпеня 2020 г. У Светлагорску затрымалі праваабаронцу і назіральніцу кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алену Маслюкову і яшчэ 6 удзельнікаў велапрабегаў салідарнасці.

10 жніўня 2020 г. У Барысаве быў затрыманы праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч. Яму патэлефанавалі з міліцыі і папрасілі прыйсці для допыта ў межах нейкай крымінальнай справы. Яго затрымалі, калі ён хадзіў у выбарчую камісію атрымаць зварот па скарзе, якую раней падаваў. Супрацоўнікі міліцыі яго там і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў мясцовым РАУСе. Гэта ўжо чацвёрты рэгіянальны каардынатар "Вясны" у рэгіёнах, якога затрымалі цягам апошніх дзён. Раней у Светлагорску затрымалі Алену Маслюкову, у Брэсце — Уладзіміра Вялічкіна, у Маладзечне — Алеся Капуцкага. Адміністрацыйным арыштам на 10 сутак пакараныя магілёўскія праваабаронцы "Вясны" Аляксандр і Алесь Бураковы.

17 верасня 2020 г. Супрацоўнікамі ГУБАЗіК у Мінску была затрыманая каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ "Вясна" Марфа Рабкова. Яе змясцілі ў СІЗА №1 і праз некаторы час абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства па ч. 3 арт. 293 КК (падрыхтоўка і фінансаванне масавых мерапрыемстваў). 2 кастрычніка быў затрыманы і змешчаны пад варту ў СІЗА валанцёр ПЦ "Вясна" Андрэй Чапюк, які абвінавачваўся па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).

2 лістапада 2020 г. Праваабаронцу «Вясны» Марыну Кастылянчанка суд Заводскага раёна Мінска асудзіў па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Яе абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна "ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады”. Групу актывістаў анархісцкага руху з васьмі чалавек затрымалі ўвечары 30 кастрычніка пасля сустрэчы з Акрэсціна свайго сябра Аляксандра Бялова. Аднак толькі на судзе высветлілася, што яны былі затрыманыя ў кафэ Döner Kebab. 14 лістапада Марына Кастылянчанка была асуджаная паўторна на 15 сутак у ІЧУ горада Баранавічы.

18 студзеня 2021 г. У Гомелі па дарозе на офіс быў затрыманы праваабаронца Леанід Судаленка, а валанцёрку “Вясны” Таццяну Ласіцу затрымалі ў мінскім аэрапорце 21 студзеня 2021 года. Іх абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне (ч. 2 арт. 342 КК). Позна ўвечары 18 студзеня ў Гомелі таксама была затрымана валанцёрка "Вясны" Марыя Тарасенка. У яе доме правялі вобшук, а яе саму змясцілі ў ІЧУ. Пазней былі ўзбуджаныя крымінальныя справы.

16 лютага 2021 г. Па ўсёй Беларусі ў сябраў Праваабарончага цэнтру "Вясна", Беларускай асацыяцыі журналістаў і іншых актывістаў прайшлі ператрусы. Яны адбыліся ў межах крымінальнай справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Каля 10:40 пачаўся ператрус на офісе ПЦ “Вясна” на пр. Незалежнасці 78а. Туды прыехаў старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі. Пасля ператрусу яго павезлі на вобшук дамоў. У 18:30 Алесь Бяляцкі паведаміў, што вобшук скончыўся. Старшыня "Вясны" на волі, не мае працэсуальнага статусу.

Пазней стала вядома, што вобшук адбыўся на другім мінскім офісе "Вясны" на вул. Мяржынскага. Вобшук скончыўся прыкладна ў 22.20. Былі выняты кампутары, паперы, тэлефон, сістэмы відэаназірання. Падчас ператрусу на офісе знаходзіліся праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.

Ранішні напад на журналістаў і праваабаронцаў па ўсёй краіне

Ад самай раніцы 16 лютага ў сябраў Праваабарончага цэнтру "Вясна", Беларускай асацыяцыі журналістаў і іншых актывістаў праходзяць ператрусы. Яны адбываюцца ў межах крымінальнай справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса.

У той жа дзень з ператрусам прыйшлі да каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", праваабаронцы "Вясны" Андрэя Палуды. Праз некалькі гадзін вобшук скончыўся. Вынялі тэхніку, забралі картку і асабістыя грошы. Таксама ператрус прайшоў у юрыста "Вясны" Паўла Сапелкі. Канфіскавалі ўсю тэхніку. 

Сілавікі прыходзілі таксама да маці мінскай праваабаронцы "Вясны" Наталлі Сацункевіч, грукалі ў дзверы. Але ператрус усё-такі пачаўся. Ён цягнуўся больш за тры гадзіны.

Прайшоў ператрус і ў праваабаронцы "Вясны" Зміцера Салаўёва. У яго забралі тэлефон і ўсю тэхніку. Зміцер таксама затрыманы. Пры затрыманні ў хаце Салаўёва выламалі дзверы.

Дзесяткі ператрусаў адбыліся ў рэгіёнах: у кіраўніка мазырскай філіі "Вясны" Уладзіміра Целяпуна, у кіраўніцы светлагорскай філіі "Вясны" Алены Маслюковай. У яе з дому забралі ўсю тэхніку і розныя паперы. У незалежнага журналіста і праваабаронцы "Вясны" з Рэчыцы Андрэя Мядзведзева адбыўся ператрус. Забралі паперы, нататнікі. У праваабаронцы "Вясны" з Рэчыцы Валерыя Пуціцкага таксама адбыўся ператрус. 

Вечарам стала вядома, што ператрусы прайшлі ў сябраў магілёўскай філіі "Вясны" Аляксея Колчына і Барыса Бухеля. Затрыманы праваабаронца Уладзімір Вялічкін, юрыст Прафсаюза РЭП і праваабаронца "Вясны" Уладзімір Малей.

Многія сябры "Вясны" каб пазбегнуць затрыманняў вымушаныя былі неўзабаве пакінуць Беларусь у мэтах бяспекі.

1 сакавіка 2021 г. У Мінску быў затрыманы праваабаронца і сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Зміцер Салаўёў, які напярэдадні выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту. 18 лютага Салаўёў быў асуджаны на 12 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП. На яго доме ўбудаваны бетонны барэльеф з "Пагоняй", і суддзя суда Мінскага раёна Анжаліка Казлова палічыла гэта пікетаваннем. 1 сакавіка Салаўёва даставілі ў Следчы камітэт, дзе дапыталі ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Пасля допыту Змітра адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. 

17 сакавіка 2021 г. На допыты ў якасці сведкаў па справе “Вясны” выклікаліся праваабаронцы Леанід Свецік у Віцебску, Уладзімір Малей і Маргарыта Вялічкіна ў Брэсце, Сяржук Лацінскі ў Бабруйску. Яны знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў следства. А 15 і 16 сакавіка на допыты выклікалі вядомага магілёўскага праваабаронцу Барыса Бухеля. 20 сакавіка ў Следчы камітэт па Гарадзенскай вобласці выклікалі сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна” Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і праваабаронцу Андрэя Коцю.

7 красавіка 2021 г. На допыт у Цэнтральны апарат Следчага камітэту выклікалі ў якасці сведкі старшыню Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага. Выклікалі на допыты таксама праваабаронцаў ў Светлагорску і Мазыры.

14 красавіка 2021 г. У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы затрымалі мясцовага праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка, які ажыццяўляў маніторынг судовага працэсу. На наступны дзень стала вядома, што яго арыштавалі на 15 сутак па артыкуле 25.1 КаАП — непавага да суду. У знак пратэсту на незаконнае затрыманне і несправядлівы арышт Аляксандр абвясціў галадоўку. 22 красавіка абласны суд задаволіў скаргу праваабаронцы і выпусціў яго на волю.

25 красавіка 2021 г. Валанцёрку праваабарончай каманды MAYDAY з Магілёва Таццяну Жывіцу выклікалі на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе ва ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Дапытваў Таццяну следчы Шацько. Раней ён жа дапытваў магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова і праваабаронцу Барыса Бухеля. У Рэчыцы выклікалі на допыт журналіста Андрэя Мядзведзева і праваабаронцу Валера Пуціцкага. Іх статус у позве не пазначаны. Таксама ў СК выклікалі юрыста Аляксея Лойку ў якасці сведкі па факце дзейнасці ПЦ “Вясна”. Днём раней былі дапытаныя праваабаронцы Сяргей Гоўша з Баранавіч, Алесь Дзергачоў са Смаргоні, Уладзімір Целяпун з Мазыра. Пры чым, Целяпуна на допыт забралі проста з лякарні, дзе ён чакаў аперацыю.

14 ліпеня 2021 г. Адбыўся самы масавы напад на грамадскі і праваабарончы сектар Беларусі. У гэты дзень ад самай раніцы ператрусы і затрыманні пракаціліся па ўсёй краіне. Сілавікі прыйшлі з ператрусам да юрыста “Вясны” Уладзіміра Лабковіча. Пасля ператрусу Уладзіміра разам з жонкай Нінай павезлі ў ДФР. Пазней затрымалі. З ранку адсутнічала сувязь са старшынём Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесем Бяляцкім. У 18:00 стала вядома, што Алесь Бяляцкі затрыманы. Справу вядзе Цэнтральны апарат Следчага камітэту. 

З ператрусамі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны": наступ на НДА ў Беларусі працягваецца

14 ліпеня працягваецца пераслед людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю: раніцай сілавікі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны", БХК, Lawtrend ды актывістаў недзяржаўных арганізацый, партый і рухаў па ўсёй краіне.

Таксама з ператрусам прыйшлі да сябры Рады "Вясны" Валянціна Стэфановіча. Яго сілавікі забралі з сабой. Ператрусы і затрыманні закранулі каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэя Палуду, журналіста і праваабаронцу Сяргея Сыса, праваабаронцу Алену Лапцёнак, валанцёрку Яўгенію Бабаеву.

У рэгіёнах ператрусы, допыты і затрыманні прайшлі ў смаргонскага праваабаронцы "Вясны" Алеся Дзергачова, у Барысаве – у Алега Мацкевіча, гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава.

3 верасня 2021 г. У судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля распачаўся суд над праваабаронцам “Вясны” Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. Леанід Судаленка з 18 студзеня знаходзіцца пад вартай у СІЗА. У ізалятары з 21 студзеня таксама ўтрымліваецца Таццяна Ласіца. У дачыненні да Марыі Тарасенка абраная мера стрымання ў выглядзе абавязацельства аб яўцы і падпіскі аб нявыездзе.

Усіх іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

3 лістапада 2021 г. Праваабаронцу “Вясны” Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму, а яго памочніцу Таццяну Ласіцу на два з паловай гады калоніі. Іх абвінавачвалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанне і падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне (ч. 2 арт. 342 КК). Марыі Тарасенка запрасілі тэрмін у выглядзе калоніі тэрмінам на два з паловай гады. Марыя вымушаная была пакінуць Беларусь.

Снежань 2021 г. Цягам года па ўсёй краіне адбыліся масавыя падаткавыя праверкі праваабаронцаў "Вясны".

17 снежня 2021 г. У Маладэчна быў затрыманы праваабаронца “Вясны” Алесь Капуцкі. Пасля вобшуку з дома Алеся забралі сістэмны блок і мабільны тэлефон. Суд адбыўся 20 снежня. Алесю прысудзілі 15 сутак арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 "распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, або якая прапагандуе такую дзейнасць".

Тэрмін утрымання Алесю Капуцкаму павялічвалі некалькі разоў. Кожны раз адбываўся суд, і кожны раз суддзя прысуджаў яму новыя 15 сутак. Усяго амаль 60-гадовы праваабаронца адбыў за кратамі 60 сутак.

25 красавіка 2022 г. У Мінскім гарадскім судзе пачаўся закрыты судовы разгляд па справе Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і васьмі іншых палітвязняў. Усе падсудныя лжыва абвінавачваліся ў арганізацыі злачынных груп у перыяд з 2016 па 2020 год. Марфе Рабковай выставілі абвінавачванні паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх і навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў іх" (чч. 1–3 арт. 293), "распальванне сацыяльнай варажнечы" (арт. 130) і "ўдзел у злачыннай арганізацыі" (ч. 2 арт. 285). У сваю чаргу, Андрэй Чапюк абвінавачваўся ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" (ч. 2 арт. 293 КК) і "ўдзеле ў злачыннай арганізацыі" (ч. 2 арт. 285 таго ж Кодэкса).

6 верасня 2022 г. Пасля чатырох з паловай месяцаў закрытых судовых пасяджэнняў, Мінскі гарадскі суд асудзіў Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка да 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Восем іншых абвінавачаных у тым жа працэсе таксама былі асуджаны да суровых тэрмінаў турэмнага зняволення.

Вясноўцам Марфе — 15 гадоў калоніі, Андрэю — 6: агучаны прысуды адразу дзесяці палітзняволеным

Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы.

У той жа дзень пасля вынясення вердыкту адвольна затрымалі праваабаронцу, былую сяброўку "Вясны" Насту Лойку, якая знаходзілася ў Мінскім гарадскім судзе на абвяшчэнні прысуду. 7 верасня 2022 года яе асудзілі паводле надуманых абвінавачванняў у "дробным хуліганстве" да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

5 студзеня 2023 г. У судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся суд "па справе Вясны". Паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") судзяць чатырох праваабаронцаў: старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, а таксама завочна Змітра Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь. Справу прызначаная разглядаць суддзя Марына Запаснік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў

Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Праваабаронцы ў залі суда ўтрымліваюцца ў кайданках і за кратамі. На суд прыйшло каля 30 чалавек, усіх не прапусцілі.

28 лютага 2023 г. У Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў вясноўцаў Марфы РабковайАндрэя Чапюка, а таксама васьмі палітвязняў па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння". Судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення скаргі шасці фігурантаў, а тэрміны вясноўцаў Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама актывістаў анархісцкага руху Акіхіры Гаеўскага-Ханады і Аляксандра Францкевіча былі скарочаныя на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і палітвязняў хутка этапуюць у калоніі.

3 сакавіка 2023 г. У судзе Ленінскага раёна Мінска суддзя Марына Запаснік абвесціла прысуд па крымінальнай справе супраць заснавальніка "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Яна прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за "фінансаванне пратэстаў" у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за "кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай". Яна прызначыла тэрміны вясноўцам ад 7 да 10 гадоў калоніі і буйныя штрафы: старшыні "Вясны" і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; намесніку старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу – 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу – 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; праваабаронцу "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі завочна.

21 красавіка 2023 г. У Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе "Вясны" суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім тром палітзняволеным праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу прызначаны жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі. Алеляцыйныя скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў пакінуты без задавальнення.

Разгляд скаргаў праходзіў у адкрытым рэжыме, але саміх вясноўцаў у суд не даставілі, таму яны не маглі ў поўнай меры абараняць свае правы. 21 красавіка прысуд у адносінах да палітзняволеных праваабаронцаў уступіў у сілу – хутка іх этапуюць у калоніі. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства