“Вясна” прапануе абскарджваць адмовы па хадайніцтвах за Алеся Бяляцкага
У адказ на хадайніцтвы аб змене меры стрымання ў дачыненні старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага шматлікім заяўляльнікам прыходзілі фармальныя адпіскі. У пастановах аб адмове ў задавальненні хадайніцтваў, падпісаных следчай УДФР Камітэту дзяржкантролю Таццянай Касынкінай, не пазначаліся адрасат адказу і прычыны адмовы.
Такія адмовы, на думку юрыстаў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, абавязкова трэба абскарджваць. Бо следчая, якая вядзе справу Алеся Бяляцкага, у тэкстах адмоваў парушыла адразу некалькі нормаў працэсуальнага заканадаўства.
Па-першае, адказы на звароты не тлумачаць прычынаў, па якіх следства адмаўляе ў змене меры стрымання ў дачыненні Алеся Бяляцкага. Разам з тым, артыкул 137 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ патрабуе матываваць любыя адмовы следства на хадайніцтвы.
Па-другое, пастанова аб адмове мусіць даводзіцца непасрэдна заяўляльніку. І па-трэцяе, у большасці стандартных адпісак не ўтрымліваюцца звесткі пра парадак абскарджвання прынятага рашэння.
У далучаным файле можна знайсці ўзор скаргі ў пракуратуру г. Мінска на прынятае следчай рашэнне.