Каб не ездзіць на следчыя выклікі з Гродна ў Мінск, Губарэвіча прапанавалі пасадзіць
Ужо больш за месяц праходзіць следства над сябрамі БНФ, якія падазраюцца паводле артыкула Крымінальнага Кодэксу "хуліганства, здзейсненае групай асобаў".
Паездка ў Мінск на вочную стаўку, на якую запрасілі гродзенца Максіма Губарэвіча, намесніка старшыні гарадзенскага БНФ, завяршылася нічым.
Максім Губарэвіч: - Калі я прыехаў у вызначаны час на вочную стаўку, мне паведамілі, што ніякай вочнай стаўкі не будзе, таму што сведка кудысці з’ехала і паведаміла пра гэта праз смс. Следчая ў сваю чаргу спрабавала дазваніцца да адваката, але не дазванілася. Як аказалася, яна тэлефанавала на службовы нумар, які знаходзіцца на офісе і ў нядзелю зразумела да яго ніхто доступу не мае. Майго нумару яна нібыта не мела, выглядае ўсё гэта, канешне, дзіўна. Запланавана гэтая вочная стаўка была загадзя, усё было нармальна, але атрымалася так, што ў апошні момант яна была адменена, фактычна нават ніхто не сказаў, прабачце за тое, што вы ехалі. Мы з адвакатам склалі хадайніцтва і падалі на імя следчага з патрабаваннем, каб мяне не прыцягвалі да следчых дзеянняў, якія не маюць сэнсу. Я на працягу ўсяго следства дамаўляюся аб дачы паказанняў, а гэты сведка, дзяўчына, яна ўжо на двух папярэдніх паказаннях з Семянюком і Калітой заявіла, што не можа нікога пазнаць, бо бачыла ўсіх нібыта са спіны. У такой сітуацыі вочная стаўка ўвогуле губляе сэнс, але чамусьці менавіта супрацоўнікі міліцыі настойвалі на правядзенні вочнай стаўкі і не змаглі забяспечыць яе правядзення.
РР: Вам стала вядома, хто гэты трэці сведка?
Максім Губарэвіч: - Асабіста я яе так і не ўбачыў, але па словах хлопцаў, якія раней ужо сустракаліся з ёй падчас вочнай стаўкі, гэта дзяўчына, якая працуе ў адным з офісаў нашага офіснага будынку ў Мінску.
РР: Мінавіта яна выклікала міліцыю?
Максім Губарэвіч: - Па яе словах яна, прычым пра гэта я ведаю са словаў Каліты і Семянюка, сведка не бачыла працэса бойкі. Яна проста пачула быццам нехта, нібыта б’ецца, таму вырашыла выклікаць міліцыю. Выглядае гэта вельмі дзіўна, бо калі ўзяць паказанні аднаго і другога “пацярпелага”, і дзяўчыны сведкі, то яны супярэчаць адно аднаму. Але супрацоўнікі міліцыі на гэта чамусці не звяртаюць увагі і як ні ў чым не бывала, працягваюць гэту справу.
РР: Вы прыехалі ўжо на трэцюю вочную стаўку, ці плоцяць вам камандзіровачныя?
Макісм Губарэвіч: - Ніякіх камандзіровачных мне не выплочваюць, пра гэта няма мовы. Калі сёння мой адвакат звярнуўся да намесніка старшыні следства з просьбай, каб мяне не прыцягвалі на такія бессэнсоўныя вочныя стаўкі, бо мне ўсё ж такі трэба па 300 кіламетраў туды і назад ездзіць, на што начальнік адказаў, не можа ездзіць, тады мы са свайго боку можам змяніць яму меру стрымання на арышт, каб ён быў у Мінску і не куды не ездзіў. Гэта было сказана ў такім тоне, падкрэсліваючым сваю непавагу да мяне і да адваката. Было непрыемна гэта чуць, тым больш, што я ў статусе падазраванага, я ўяўляю сабе што робіцца з абвінавачаннымі, ці з тымі, хто ўжо атрымаў тэрмін.
РР: Паралельна з вашай справай незразумела, што будзе з новым офісам БНФ, як выглядае пытанне з арэндай?
Максім Губарэвіч: - Уладальнік офіса заяўляе, што хоча гэты офіс прадаць, бо яму тэрмінова спатрэбіліся грошы. Ён нават сказаў, што калі хочаце, то можаце выкупіць. Выставіў, не скажу дакладную лічбу, але размова ішла пра дзясяткі тысячаў долараў. Зразумела, што такіх грошай у партыі няма, бо калі б былі, мы б ужо даўно выкупілі офіс у сваю прыватнасць. Таму знаходзімся ў падвешаным стане, хоць дамова і дазваляе нам заставацца там яшчэ фактычна год. Невядома як далей будуць развівацца падзеі, бо суды па старому офісу мы прайгралі і калі тут справа дойдзе да суда, то нешта мне падказвае, што суд стане на бок уладальніка, які хоча нас выселіць.
Такі скандальны выпадак, як адкрытая непавага да грамадзяніна, які нават не знаходзіцца ў статусе абвінавачванага кажа, на думку Максіма Губарэвіча, сама за сябе. Супярэчнасць паказанняў сведкаў, адмова ад прэтэнзіяў да хлапцоў-фронтаўцаў ад самога нібыта пацярпелага, фармальна дазваляе закрыць справу. Адзінае, што гэтаму перашкаджае, мяркуюць сябры Фронту, гэта планы спецслужбаў каб перашкодзіць функцыянаванню Партыі БНФ.