Канавалаў заяўляў аб катаваннях на допыце
21 верасня на судовым працэсе па справе аб выбухах у Мінску і Віцебску абвяшчаюцца пратаколы допытаў галоўнага падазраванага Дзмітрыя Канавалава, праведзеныя 13 і 18 красавіка.
У ходзе допыту 18 красавіка Канавалаў адмовіўся ад дадзеных раней паказаньняў аб сваёй датычнасьці да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе. Следчаму ён заявіў, што раней прызнаўся ў здзяйсненні гэтых злачынстваў пад ціскам супрацоўнікаў міліцыі пасля затрымання 12 красавіка. На пытанне следчага, у чым быў ціск, Канавалаў адказаў: «Ужыванне гвалту».
Ён распавёў, што ўсё адбывалася ў памяшканні Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Два супрацоўнікі міліцыі паклалі яго на жывот, рукі ў кайданках зацягнулі пад скрыжаваныя ззаду ногі. Па словах Канавалава, яму сказалі, каб ён даў паказанні па выбуху ў Менску ў 2011 і 2008 гадах і ў Віцебску ў 2005-м.
Разам з тым, на гэтым жа допыце Канавалаў заявіў, што прызнае сваю датычнасьць да выбухаў у Мінску ў 2008 і 2011 гадах.