Канфіскацыя буйной партыі ўлётак у Гомелі
Пяць з паловай тысячаў улётак былі канфіскаваныя ў абласнога кіраўніка партыі “Справядлівы Свет” Уладзіміра Сякеркі.
Друкаваную прадукцыю дастаўлялі ў Гомель на цягніку Мінск-Кіеў. Паводле словаў Уладзіміра Сякеркі, у буклетах утрымлівалася інфармацыя пра праграмныя мэты партыі, а таксама давалася ацэнка бягучай эканамічнай сітуацыі ў краіне.
Уладзімір Сякерка:
- Калі я ўзяў дзве сумкі буклетаў і спусціўся ў падземны пераход, то ўбачыў вельмі цікавую сітуацыю. Усіх грамадзянаў, якія ішлі з цягніка, міліцыянты прасілі адкрыць сумкі і паказаць, што ў іх знаходзіцца. Тое ж самае папрасілі зрабіць і мяне. Я спытаў: “На якой падставе?”. А мяне да высвятлення асобы суправадзілі ў міліцэйскі пастарунак чыгуначнага вакзала. Там ужо канфіскавалі ўсе ўлёткі.
Уладзімір Сякерка пакінуў у кнізе скаргаў і прапановаў аддзялення міліцыі чыгуначнага вакзала запіс, у якім выказаў сваю нязгоду ў звязку з канфіскацыяй буклетаў. Палітык не выключае звароту ў пракуратуру з патрабаваннем пакараць міліцыянтаў, якія перашкаджаюць дзейнасці зарэгістраванай Мінюстам партыі.