Мясцовых грамадзкіх актывістаў Калінкавіцкага раёну ўлады вырашылі не пускаць на "сьвята газіфікацыі"
Пра гэта паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.
Мясцовыя ўлады ў н/п Бабровічы (Калінкавіцкі раён Гомельскай вобл) вырашылі не пускаць грамадзкіх актывістаў раёну на "сьвята газіфікацыі". Начальства загадзя пагрозьліва папярэдзіла актывістаў аб тым, што калі яны прыйдуць, то да іх будуць "принятыя меры". Рэч у тым, што днямі ў Бабровічах быў праведзены газ. У чым была сутнасьць праводу, ніхто зь местачкоўцаў так і не зразумеў, бо там, дзе газ быў і дагэтуль проста зьмянілі трубы і падвялі газ прыродны, а людзі звычайныя як карысталіся балёнамі так і зараз імі карыстаюцца.
Затое для мясцовай адміністрацыі гэтая падзея была повадам дзеля ўрачыстасьці! Сам старшыня райвыканкаму В.І.Піліпец загадаў, каб на "сьвята" прыйшло ня менш як сямсот чалавек і гэта пры тым, што насельніцтва мястэчка складае трохі меней за тры тысячы! На "мерапрыемстве" мясцовыя жыхары ніяк не маглі зразумець, скуль у Бабровічах столькі "новых жыхароў". Але карцінка галоўная задача ўладаў атрымалася!