viasna on patreon

Аператар эфірна-кабельнага тэлебачаньня "Космас ТV" перакрывае мультфільмамі праграмы міжнароднага расейскага каналу RTVi, на якім ад пачатку году выходзяць перадачы, прысьвечаныя Беларусі

2006 2006-06-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэта ўжо ня першы выпадак "фільтрацыі" кабэльным апэратарам зьместу RTVi: ад сярэдзіны сакавіка на ўвесь пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі канал быў недаступны беларускім тэлегледачам. Тады ў офісе "Космас ТV" спасылаліся на тэхнічныя прычыны. Што замінае кабэльнаму апэратару цяпер?

Праграма "Акно ў Эўропу" на тэлеканале RTVi трансьлявалася штонядзелю (з двухтыднёвым перапынкам у сакавіку) з паўторамі ў панядзелак, аўторак, сераду і чацьвер. У апошнія выходныя праграма, як звычайна, анансавалася па-беларуску бягучым радком, аднак у прызначаны час замест "Акна ў Эўропу" тэлегледачы ўбачылі мультфільмы. Не зьявіліся яна і на наступны дзень. Прадстаўнік "Космас ТV" Аляксандар Карнаўх патлумачыў Радыё Свабодзе: "Можа, тэхнічна гэта адбываецца і праз нас, ня ведаю, ня буду гарантаваць, але падазраю, што гэта робіцца дзесьці на больш высокім узроўні. Хутчэй за ўсё, сама сітуацыя так склалася&"

На пачатку году кансорцыюм на чале з нямецкай кампаніяй "Мэдыя кансалта" стаў пераможцам тэндэру Эўракамісіі ў справе арганізацыі незалежнага вяшчаньня на Беларусь. Цягам двух гадоў мусіць быць разьмеркавана 2 мільёны эўра паміж шэрагам СМІ дзеля арганізацыі тэматычных выпускаў пра падзеі ў Беларусі.

У лютым стартавалі адразу два праекты, арыентаваныя на беларускую аўдыторыю: пачало вяшчаньне "Эўрапейскае радыё для Беларусі" (штодзённая гадзінная перадача на расейскай і беларускай мовах). На тэлеканале RTVi 26 лютага выйшла першая перадача пад назвай "Акно ў Эўропу". За выключэньнем некалькіх тыдняў прэзыдэнцкай кампаніі, яна трансьлявалася ў нядзелю з паўторамі ў будныя дні.

Дырэктар каналу RTVi Міхаіл Баршчэўскі расказаў, што ня ведае пра выпадкі замены праграмаў на іншыя, але зьвязвае гэта з прэцэдэнтам падчас прэзыдэнцкай кампаніі: "Адзін з буйнейшых кабэльных апэратараў, які з намі працуе ў Беларусі, паведаміў нам пра такую сытуацыю: маўляў, было тэлефанаваньне зь нейкага "верху" з жорсткім патрабаваньнем адключыць наш канал. Але ж у апэратараў ёсьць кантрактныя абавязацельствы, і калі адключыць назаўсёды, то фірма можа збанкрутаваць. Мне ня вельмі, праўда, зразумела, чаго баіцца ў дадзеным выпадку ўлада і тыя людзі, якія яе прадстаўляюць, адсякаючы тэлегледачоў ад аднаго з самых папулярных тэлеканалаў".

Дырэктар каналу RTVi Міхаіл Баршчэўскі не выключае юрыдычных захадаў супраць апэратара, які не выконвае падпісаных дамоўленасьцяў. Аднак, паводле спадара Баршчэўскага, напачатку давядзецца разабрацца ў прычынах такіх паводзінаў "Космас ТV".

Лідэр Абяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустракаючыся днямі ў Бэрліне з прадстаўнікамі кансорцыюму "Мэдыя кансалта", наўпрост заявіў: праект "Акно ў Эўропу" як тэндэнцыя вартая ўвагі. Аднак з гледзішча эфэктыўнасьці яго значэньне роўнае нулю. У прыватнасьці, палітык выказаў недавер цьверджаньню, што ў 25-хвіліннай перадачы на RTVi 750-тысячная аўдыторыя. Паводле Лябедзькі, перадусім беларусы ня маюць тэхнічных магчымасьцяў да таго, каб масава прымаць сыгнал RTVi.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства