Затрыманы гомельскі актывіст ноччу быў дастаўлены ў шпіталь
Гомельскі грамадскі актывіст Канстанцін Жукоўскі, які ўвечары 21 верасня па пакуль невядомых прычынах быў затрыманы міліцыяй, ўначы 22 верасня быў дастаўлены ў бальніцу.
Як паведаміла жонка актывіста Алена Жукоўская, муж патэлефанаваў ёй каля 23.30 і сказаў, што яго вязуць ў Гомельскую абласную клінічную лякарню для аказання дапамогі. Актывіст казаў, што ў яго ёсць траўмы нагі і галавы. У бальніцы пацвердзілі, што Жукоўскі дастаўляўся для аказання амбулаторнай дапамогі. У гомельскім ізалятары часовага ўтрымання раніцай 22 верасня паведамілі, што актывіст знаходзіцца ў ізалятары і хутка будзе дастаўлены ў суд для разгляду яго справы.
Нагадаем, каля 18.15 21 верасня Жукоўскі ішоў па вуліцы Кніжнай недалёка ад свайго дома. За ім рухаўся службовы аўтамабіль «УАЗ», у якім было не менш за пяць супрацоўнікаў міліцэйскага спецназу. Раптам аўтамабіль спыніўся. Супрацоўнікі спецназу накінуліся на Жукоўскага і з ужываннем грубай фізічнай сілы, заціснуўшы яму рот рукамі, заштурхалі ў аўтамабіль і павезлі ў невядомым кірунку.