У Баранавічах затрыманы чалавек, які распаўсюджваў улёткі пра “Народны сход”
Жыхар гораду Сяргей Аўчыннікаў быў затрыманы ўвечары 21 верасня, калі распаўсюджваў матэрыялы пра “Народны сход”.
Як расказаў “ІР” затрыманы, а 17:00 ён раздаваў улёткі на вуліцы 50 год УЛКСМ, каля ААТ “558 авіяцыйны рамонтны завод”. Нечакана да яго падышоў чалавек і запатрабаваў адысці ад прадпрыемства і распаўсюджваць матэрыялы бліжэй да аўтобуснага прыпынку. “Праз некалькі хвілін, як я адышоў, з’явілася машына міліцыі, – кажа Сяргей Аўчыннікаў. – Супрацоўнік авіязавода, які мяне праганяў, махаў міліцыі рукамі, паказваючы ў мой бок”.
Аўчыннікаў быў затрыманы і дастаўлены ў пастарунак. “Там не ведалі, што са мной рабіць, і званілі ў Брэст па кансультацыю, – згадвае затрыманы. – У вобласці ім назвалі артыкул 23.34 КААП пра парушэнне парадку арганізацыі правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання”. Раніцай Аўчыннікаў быў дастаўлены з пастарунка ў суд, дзе яго пакаралі на 525 тысяч рублёў (15 базавых).
“Штраф мне прапанавалі заплаціць адразу, бо ў мяне былі з сабою 100 амерыканскіх долараў, – расказаў “ІР” Сяргей Аўчыннікаў. – Я не пагадзіўся мяняць валюту і сказаў, што заплачу штраф пазней. Тады ў мяне да часу аплаты штрафу забралі далары, склалі на іх акт арышту грашовых сродкаў і перапісалі нумар купюры”.
Гэта першае затрыманне ў Баранавічах актывістаў, якія збіраюцца правесці ў нашым горадзе “Народны сход”.