Паміж пазыкай перад універсітэтам і забаронай на прафесію
З выпускніцаў Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэту (БДМУ) сёстраў Юліі і Ліліі Івашкевіч у парушэнне двухбаковай дамовы з Расіяй спаганяюць прыкладна па 30 мільёнаў рублёў. Разам з тым, у Беларусі ўладкавацца на працу па спецыяльнасці дзяўчынам, якія прайшлі ардынатуру у Маскве, не даюць.
28 снежня 2010 году суд Фрунзенскага раёну г. Мінска (суддзя – Жукоўская Ж.А.) пастанавіў спагнаць на карысьць БДМУ 29 494 500 рублёў з Ліліі Івашкевіч і 29 414 000 рблёў – з Юліі Івашкевіч. Апроч таго, Юлія вымушаная будзе аплаціць дзяржаўную мыту ў памеры 1 470 700 рублёў, Лілія – у памеры 1 474 730 рублёў.
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда 28 красавіка пакінула рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў.
Пры гэтым, суд першай інстанцыі не прыняў да ўвагі довады сёстраў Івашкевіч адносна таго, што БДМУ не выканаў дасудовы парадак вырашэння спрэчкі – згодна з “Палажэннем аб пакрыцці сродкаў у рэспубліканскі і (ці) мясцовыя бюджэты, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку працоўнага (служачага), спецыяліста”, зацверджаным пастановай Савета Міністраў РБ ад 23.09.2006 № 1255, звяртацца ў суд навучальная установа мае права толькі тады, калі малады спецыяліст адмаўляецца вяртаць сродкі пасля атрымання прапановы аб дабраахвотным пакрыцці ў шасцімесяцовы тэрмін з разлікам сумы.
Прапанова аб дабраахвотным пакрыцці Юліі і Ліліі Івашкевіч не была належным чынам дасланая – пазоўнік не здолеў давесці атрыманне імі адпаведнага паведамлення.
Апроч таго, суд адмовіўся разглядаць паступленне сёстраў Івашкевіч у ардынатуру Маскоўскага дзяржаўна медыка-стаматалагічнага універсітэта ў якасці падставы для вызвалення ад пакрыцця сродкаў, выдаткаваных на іх падрыхтоўку. Разам з тым, п. 2 арт. 25 Закону Расійскай Федэрацыі “Аб адукацыі” адносіць ардынатуру да адукацыі пасля ВНУ. Беларускі ж суд, спаслаўшыся на арт. 2 Закону РБ “Аб вышэйшай адукацыі” палічыў, што клінічная ардынатура ня ёсць формай атрымання больш высокай за вышэйшую адукацыі.
Аднак тэрмін “прафесійная адукацыя пасля ВНУ” утрымліваецца ў Дамове паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзянаў, ратыфікаванай Законам РБ ад 17.02.1999 № 244-3. Адпаведна дадзеная Дамова мае сілу Закону Рэспублікі Беларусь.
Пасля вяртання ў Беларусь Юлія і Лілія Івашкевіч паспрабавалі уладкавацца на працу лекарамі-артадонтамі. Аднак негалосна ім паведамілі, што існуе загад не прымаць іх на працу. Накіравацца ж працаваць за мяжу яны ня могуць з-за забароны на выезд, звязанай з рашэннем суду аб спагнанні сродкаў на карысць БДМУ.
Сёстры Івашкевіч плануюць абскарджваць рашэнні Фрунзенскага раённага і Мінскага гарадскога судоў у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым, існуе верагоднасць таго, што суд не прыме справу да разгляду.